Мітрапаліт Павел: У праваслаўных і ўніятаў розны Бог

29/01/2018 - 15:27

Праваслаўныя і ўніяты не маюць аднаго Бога. Пра гэта заявіў праваслаўны мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел у рамках перадачы "Гутаркі з уладыкам Паўлам". Яна выйшла ў эфір 27 студзеня на тэлеканале "Союз", піша сайт krynica.info

Нагодай стала сітуацыя ў вёсцы Бярозаўка Віцебскай вобласці. У лістападзе 2017 года на тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў сюжэт пра касцёл ў гэтай вёсцы. Каталіцкі святар Марэк Пасют запрашаў праваслаўных вяскоўцаў маліцца ў касцёле, бо бліжэйшая царква знаходзіцца за 10 кіламетраў ад вёскі. 

Каля касцёла стаіць скульптура, якая сімвалізуе аб’яднанне каталіцкіх і праваслаўных крыжоў. У самім касцёле ёсць абразы праваслаўных святых, у тым ліку Серафіма Сароўскага і Еўфрасінні Полацкай. Таксама пры храме навучаюцца і дзеці абедзвюх канфесій.

Мітрапаліт Павел прызнаў, што праваслаўныя Бярозаўкі сапраўды не маюць сваёй царквы, таму ходзяць на службы ў касцёл. "Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нейкай уніяй. Задача ўніятаў — сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаеце. Бог сапраўды адзін, але ў карпарацыі свой бог, у нейкі сектанцкай арганізацыі — свой. Яны да нашага агульнага Творцы і Госпада ніякага дачынення не маюць. Госпад жа ў Евангеллі казаў: "У вас чэрава — Бог, у вас мамона — Бог". У язычнікаў жа таксама ідал — бог. Але для нас, праваслаўных, гэта цацанка. Гэтак жа і ўніяты", — падкрэсліў іерарх.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі