Мінус яшчэ адзін вытворца віна: у Бабруйску зачыняецца завод

28/09/2018 - 11:02

Бабруйскі завод напояў (БЗН) зачыняецца пасля шасці з паловай дзесяцігоддзяў працы, піша komkur.info. Адпаведнае рашэнне прыняў сход крэдытораў. 

Год таму на прадпрыемстве працавалі 111 чалавек, цяпер засталося 84. 

Антыкрызісны кіраўнік Аляксандр Кулікоў тлумачыць сітуацыю велізарнымі пазыкамі прадпрыемства. "Бягучая запазычанасць складае 5,3 мільёна — пераважна падаткі і крэдыты. Гэта па рэестры. Запазычанасць звыш рэестра і таго большая — каля шасці мільёнаў. Яна назапасілася з канца 2014 года, калі была абвешчаная працэдура санацыі (фінансавага аздараўлення) і прызначаны ранейшы антыкрызісны кіраўнік", — кажа менеджар.

Апошнія некалькі месяцаў БЗН выпускаў пераважна віно без дадання спірту. Да патрэбнай кандыцыі яно даходзіла за кошт саманаброду. Такая прадукцыя, як кажа кіраўніцтва прадпрыемства, карысталася ўстойлівым попытам. 

Бабруйскія вытворцы пладовага віна не адзіныя, хто сутыкнуўся з крызісам і вымушаны зачыніцца. Як нядаўна паведамляла Еўрарадыё, зачыняецца таксама Падсвільскі вінзавод, які выпускаў аналагічную прадукцыю.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі