"Мінскпраект" пракаментаваў з'яўленне "сіямскіх пісуараў" на стадыёне "Дынама"

24/07/2018 - 20:43

"Мінскпраект" пракаментаваў з'яўленне "сіямскіх пісуараў" на стадыёне "Дынама". Фота, якое з'явілася на сайце nn.by, шырока разышлося ў інтэрнэце. Намеснік галоўнага інжынера Лізавета Магова ў інтэрв'ю by.tribuna.com кажа, што ў праектным рашэнні такога няма.

"Сама не наведвала, не была, — гаворыць Магова. — Мая версія: гістарычная сценка апынулася больш адхіленая — зрабілі зашыўку". Паводле яе слоў, у праектным рашэнні ёсць кутняе размяшчэнне пісуараў, але там вытрымліваецца пэўная адлегласць. У рэальнасці ж усё наадварот. Магчыма, што адзін з пісуараў проста "зрушыўся". Найхутчэй "лішні" будзе дэмантаваны, кажа прадстаўніца "Мінскпраекта".

"У нас 24 тысячы квадратных метраў толькі на заходняй трыбуне, — адказвае Лізавета Магова на пытанне, як жа прынялі такі "аб'ект". — Уявіце, якія гэта адлегласці. Ёсць камісія, але, магчыма, менавіта ў гэты канкрэтны туалет яна не зайшла".

Таксама Магова паведаміла, што на працягу двух тыдняў будзе вырашана праблема з вадасцёкавымі трубамі на "Дынама". Вада падчас дажджу лілася проста на месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі