Мінскія ўлады пацвердзілі, што Чырвоны касцёл завінаваціўся 166 тысяч рублёў

16/07/2020 - 14:57

Мінскія ўлады пацвердзілі, што Чырвоны касцёл завінаваціўся дзяржаве больш за 166 тысяч рублёў. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў тэлеграм-канале "Мінск. Афіцыйна". Як паведамляла Еўрарадыё, рахунак каталіцкай абшчыне выставіла прадпрыемства "Мінская спадчына" (на яго балансе з 2013-га знаходзіцца будынак) — "за амартызацыю касцёла і падаткі на карыстанне зямлёй". Сцвярджалася, што касцёл не плаціў падаткі з канца мінулага года. Вернікі пачалі збіраць подпісы аб перадачы храма ва ўласнасць абшчыны.

Прэс-служба Мінгарвыканкама нагадвае, што Чырвоны касцёл з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Рэлігійная абшчына "Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і святой Алены" атрымала ў бязвыплатнае карыстанне будынак касцёла і дом настаяцеля. З восені 2017-га ішла рэканструкцыя храма, якая скончылася ў траўні 2019 года. Падкрэсліваецца, што яна каштавала больш за 5,3 мільёна рублёў і 94% з гэтай сумы складаюць сродкі гарадскога бюджэту. "Рэлігійная абшчына ў фінансаванні працаў удзелу не прымала", — адзначае прэс-служба Мінгарвыканкама.

Атрымліваецца, што пакуль ішла рэканструкцыя, падаткі не налічваліся. З чэрвеня 2019-га рахункі пачалі прыходзіць, а абшчына іх не аплачвала.

Сталічныя ўлады сцвярджаюць, што "арганізацыя, якой перададзена ў бязвыплатнае карыстанне дзяржаўная маёмасць, абавязаная кампенсаваць выдаткі па зямельным падатку, падатку на нерухомасць, а таксама па налічанай амартызацыі". Такое патрабаванне заканадаўства. Штомесяц абшчыне налічваецца 14,3 тысячы рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі