Мінскія таксоўцы пагражаюць блакаваць цэнтральныя вуліцы сталіцы

20/01/2020 - 12:54

Ужо 105 чалавек падпісаліся пад супольным лістом мінскіх таксоўцаў да кіраўніцтва дыспетчарскіх службаў. Таксоўцы незадаволныя сваімі заробкамі і патрабуюць павысіць кошт кіламетра прабегу на 5 капеек. Пры адмове кіроўцы пагражаюць усімі законнымі спосабамі блакаваць працу службаў таксі.

Адзін з незадаволеных таксоўцаў патлумачыў парталу TUT.by: "Менавіта праз існуючыя тарыфы кіроўцам даводзіцца працаваць па 16, а то і 18 гадзін. Каб хоць нешта зарабіць. І гэта ўжо становіцца небяспечна".

Ліст з патрабаваннямі кіроўцы даслалі ў дыспетчарскія службы. Да 30 студзеня яны будуць чакаць адказу. Калі кошты не падымуць, таксоўцы пагражаюць блакаваць працу кожны дзень з 7:00 да 12:00. Яны не будуць прымаць замовы ад пасажыраў, а штрэйкбрэхерам, якія ўсёткі выйдуць на працу, будуць ствараць фэйкавыя замовы.

Таксама таксоўцы не выключаюць і крайнюю меру — перакрыць у час пік праспект Незалежнасці. Пазней іншыя таксоўцы заявілі, што не плануюць блакаваць цэнтральныя вуліцы Мінска.

Дарэчы, у лістападзе 2019 года таксоўцы ўжо спрабавалі пратэставаць супраць нізкіх тарыфаў. 

Ліст мінскіх таксоўцаў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі