Мінскі абласны суд не прызнаў, што загінулая “на бульбе” Вікторыя Папчэня знаходзілася на працы. Такім чынам, рашэнне Маладзечанскага раённага суда засталося ў сіле. Бацька дзяўчынкі Алег Папчэня прасіў прызнаць, што яго дачка менавіта працавала на полі. Судовая камісія на чале з Анатолем Карповічам з гэтым не пагадзілася.
На думку прававога інспектара прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі, такое рашэнне дазволіць і надалей адпраўляць школьнікаў на ўборку ўраджая. Пра гэта ён распавёў у эфіры Еўрарадыё.
Леанід Судаленка: “Судовая сістэма сказала, што надалей школьнікаў можна прыцягваць да сельскагаспадарчых работ, адрываць іх ад навучальнага працэсу, і ніхто не панясе за гэта адказнасць. У першай інстанцыі пракуратура нас падтрымала. А сёння прадстаўнік абласной пракуратуры падтрымаў рашэнне суда першай інстанцыі”.
13-гадовая школьніца Вікторыя Папчэня загінула пад коламі грузавіка на полі пад Маладзечнам напрыканцы верасня 2016 года.