Мінкультуры адмовіла праекту патрыятычнага лагера на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці

30/09/2024 - 06:57

Праект перабудовы, дзе новы фасад цалкам закрывае гістарычны будынак / Ваенпраект

Міністэрства культуры не падтрымала праект рэканструкцыі Борэсцкай крэпасці ад інстытута "Ваенпраект", які падпарадкоўваецца Міністэрству абароны. Пра гэта, як заўважыла "Наша Ніва", расказаў у сацсетках брэсцкі прарасійскі актывіст Пётр Піцко.

Верагодна, у Мінкульце асцерагаюцца, што гэты праект перашкодзіць Брэсцкай крэпасці трапіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Як расказвала Еўрарадыё, заяўку на ўнясенне ў гэты спіс падала Расія.

Рэжым Лукашэнкі плануе стварыць на тэрыторыі крэпасці Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання. Пра гэта ўпершыню ў лістападзе 2020 года заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін. Дзеля яго ў зонах аховы дазволілі ствараць спартовыя пляцоўкі і збудаванні, змяняць гістарычную планіровачную структуру дзеля будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры.

Аднак супрацоўнікі "Ваенпраекта" прыдумалі паставіць новы фасад перад адзіным фасадам казематаў тэнальнага фронту крэпасці. Гэта двойчы парушала закон. Па-першае, праекціроўшчыкі прапаноўвалі разабраць аўтэнтычныя фасады помніка архітэктуры і паставіць замест іх шкляныя вітражы. Па-другое, новы фасад закрываў стары, што забараняе Кодэкс аб культуры.

Дарэчы, Піцко з паплечнікамі таксама выступаў супраць праекта, але з іншых прычынаў. Паводле іх, "замест аб'екта рускай фартыфікацыі з'явіцца будынак у стылі, які нагадвае польскі канструктывізм". Асабліва яны перажывалі за насценную выяву першага гімна СССР, які праслаўляе Сталіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі