Міністр адукацыі назваў самаўпраўствам канфлікт вакол платных іспытаў у БДУ

25/01/2016 - 04:25

Студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах Беларусі працуе. Такую думку выказаў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў у праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1" увечары 24 студзеня.

Міністр пракаментаваў канфлікт вакол увядзення платы за пераздачу іспытаў і залікаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Нагадаем, што на пачатку снежня моладзь зладзіла акцыю пратэсту каля галоўнай ВНУ краіны. Некалькі ўдзельнікаў акцыі былі за яе аштрафаваныя. А студэнт Глеб Вайкуль сваё адлічэнне з філфака БДУ падчас зімовай сесіі звязвае непасрэдна з акцыяй пратэсту.

Сярод іншага, удзельнікі акцыі патрабавалі больш шырокага ўдзелу студэнтаў у самакіраванні ўніверсітэта. Яны спасылаліся на Балонскі працэс, у якім удзельнічае Беларусь.

У тэлеэфіры Жураўкоў заявіў: "Тое, што адбывалася ў універсітэце — гэта, на жаль, вельмі яркі прыклад не самакіравання, а самаўпраўства. Хачу з поўнай адказнасцю сказаць, што самакіраванне ў нас у універсітэтах запрацавала".

Эфектыўным і запатрабаваным органам Жураўкоў назваў Рэспубліканскі студэнцкі грамадскі савет, які працуе ўжо год. Па словах міністра, усе рэктары ВНУ кажуць, што студэнты з ліку чальцоў гэтага савета ўдзельнічаюць у жыцці ўніверсітэтаў і ўздзейнічаюць на грамадскае жыццё ўніверсітэтаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі