Акуляры, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Мінчанка пайшла ў оптыку — і там ёй прыгразілі праблемамі з КДБ. Пра гэтую гісторыю яна напісала ў сацсетцыа Threads.
Гісторыя адбылася ў сталічнай оптыцы FUNtastik на вуліцы Налібоцкай, 36. Аўтарка паста кажа, што звярталася туды чатыры разы і штораз сутыкалася з рознымі праблемамі. Апошні раз яна забрала гатовыя акуляры і зноў выявіла нейкую памылку ў працы.
Пасля гэтага супрацоўніца стала ёй настойліва тэлефанаваць шмат разоў запар.
"Настолькі, што я проста фізічна не магла нармальна карыстацца тэлефонам. Я сказала яшчэ пасля першага тэлефанавання: "Я прыеду ў краму, і мы ўсё абмяркуем на месцы". Прыходжу. У мяне ўжо, натуральна, усё кіпіць праз тое, што я паўгадзіны не магла карыстацца тэлефонам праз бясконцыя тэлефанванні прадаўца. Але я не ўчыняю скандал. Я проста кажу: "Дайце, калі ласка, кнігу заўваг і прапаноў. Я хачу пакінуць скаргу", — дзеліцца падрабязнасцямі мінчанка.
У адказ супрацоўніца крамы Святлана паказала ёй пасведчанне і сказала, што яна супрацоўнік КДБ. Яна прыгразіла пакупніцы праблемамі.
"Я прыйшла ў краму оптыкі. Не на допыт. Не ў спецслужбу. Не здзяйсняць злачынства. Я прыйшла як пакупнік, у якога назапасіліся прэтэнзіі да якасці абслугоўвання супрацоўніцы Святланы. І я хачу пакінуць скаргу. Звычайную скаргу на супрацоўніка крамы! І ў адказ мне паказваюць пасведчанне і кажуць: "Я супрацоўнік КДБ, калі вы напішаце скаргу — у вас будуць праблемы", — абураецца жанчына.
Яна пакінула скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў, а таксама напісала скаргі ў міліцыю і КДБ. Потым мінчанка затэлефанавала ў адміністрацыю сеткі. Кіраўніцтва крамы сказала пакупніцы, што муж Святланы дакладна працуе ў КДБ, а наконт яе самой невядома.
А праз дзень мінчанка расказала сваім чытачам, што не толькі муж, але і сама Святлана аказалася супрацоўніцай КДБ, хоць і на пенсіі.
"Са смешнага — яна ў паказаннях сказала, што яна проста мне сказала: "Я былы супрацоўнік, паважайце ўладу!" З цікавага, Святлана сказала, што я яе абражала, хоць у краме я маўчала і проста папрасіла кнігу скаргаў. З сумнага — яна сапраўды былая супрацоўніца, і не зразумела, чым скончыцца".
Мінчанка піша, што на шчасце запіс відэакамераў у оптыцы працаваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут