Міліцыянту, які сам пайшоў закладнікам пры рабаванні банка, падарылі гадзіннік

29/11/2017 - 18:57

29 лістапада старшыня праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк" Віктар Ананіч наведаў УУС Магілёўскага аблвыканкама. Як паведамляе прэс-служба магілёўскай міліцыі, банкір падзякаваў кіраўніцтву і супрацоўнікам, якія ўдзельнічалі ў спецаперацыі па вызваленні закладнікаў у аддзяленні банка і затрыманні ўзброенага зламысніка. 

Віктар Ананіч уручыў начальніку УУС генерал-маёру міліцыі А.Кавальчуку падзячны ліст ад ААТ "АСБ "Беларусбанк". Акрамя таго, кветкі і наручны гадзіннік з памятным надпісам быў уручаны палкоўніку міліцыі Аляксандру Васільеву, які стаў добраахвотным закладнікам падчас спецаперацыі. 

Як паведамлялася раней, 20 лістапада ўзброены нападнік паспрабаваў абрабаваць аддзяленне "Беларусбанка" ў Магілёве. Супрацоўнікі банка паспелі націснуць "трывожную кнопку", і да будынка неўзабаве прыбылі міліцыянты. Мужчына ўзяў у закладнікі 14 чалавек. Па яго патрабаванні яму далі аўтамабіль, у якім закладнікам паехаў супрацоўнік міліцыі. 

Падчас пагоні зламыснік кінуў машыну і пачаў страляць у міліцыянтаў, тыя адкрылі агонь у адказ. Мужчыну ранілі ў нагу і затрымалі. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі