Яўген П. дапамагаў запоўніць вогнетушыцель порахам, але беларускія сілавікі пра гэта маўчаць / Еўрарадыё
"Я на сваёй машыне сумесна з Яўгенам прыехаў на гэта месца спусціць вогнетушыцель..." — расказвае на следчым эксперыменце Вячаслаў Маляйчук — хлопец, які, па версіі беларускіх сілавікоў, уночы на 26 сакавіка заклаў "выбуховыя прылады" (памятаеце гэтыя фота з вогнетушыцелем і пакункам перцу?) у Мінску і ў Печах пад Барысавам. Імя "Яўген" Маляйчук паўторыць яшчэ чатыры разы. І гэта толькі тое, што трапіла на відэа:
— "...паедзем у "Дана Мол", дзе мы сустракаліся з Яўгенам…";
— "...машына стаяла каля пешаходнага перахода, чакаў Яўгена";
— "...Яўген прыехаў на маршрутцы,<...> сумка ў яго была…";
— "...аддаў Жэню ў рукі...".
Аднак у паведамленні прэс-службы МУС аб прадухіленні "тэракта" гаворыцца пра затрыманне толькі аднаго чалавека — 35-гадовага жыхара Пінскага раёна. Але ж на тым самым следчым эксперыменце Маляйчук (той самы пінчук) кажа: "...там [каля вучэбнага цэнтра "Печы"] нас затрымалі". Ён яшчэ некалькі разоў выкарыстоўвае множны лік: "запоўнілі", "насыпалі", "мы, значыць, бралі [вогнетушыцель], <...> адзін трымаў вось так, другі браў вось так...", "...па аб'ёме не хапала, запоўнілі пальчаткамі, наверх насыпалі порах...".
З гэтых слоў становіцца зразумела, што "Яўген" не толькі суправаджаў Малейчука, але і актыўна дапамагаў збіраць тое, што пазней было абвешчана выбуховымі прыладамі. Больш за тое: ён прысутнічаў на месцы затрымання ў ваенным гарадку Печы і нават быў затрыманы. Прынамсі, так здалося Малейчуку. Чаму МУС маўчыць пра гэта? І хто гэты таямнічы Яўген?
— Апошнія тыдні два сто адсоткаў яны ўвесь час былі разам, — расказвае Еўрарадыё былая жонка Малейчука. — Так, Слава [на відэа следчага эксперымента] кажа: Жэня, Жэня, Жэня... Яны нават за тыдзень, як яго ўзялі, прыязджалі два разы да ягонай мамы. Разам з Жэнем яны ўвесь час былі разам, і мне незразумела: чаму адзін сядзіць, а другі на волі?
Жанчына гаворыць пра 36-гадовага Яўгена П. Пра яго ж успамінае сяброўка Малейчука, з якой ён быў у адносінах сем гадоў — да ліпеня 2020 года:
— У яго [Вячаслава Малейчука. — Еўрарадыё] там адзін сябар быў, адкуль ён вызваліўся. Калі ён апошні раз сядзеў за крадзеж, яны, тыпу, добра сябравалі. Мне здаецца, усё з яго падачы. Я таго сябра ведала, ён прыязджаў да нас дадому пару разоў. Да чаго прывяло гэта сяброўства? Я думаю, што да ўсяго вось гэтага, што адбылося. Пра таго сябра чамусьці наогул нічога — не паказваюць, не пішуць. Мне здаецца, што Славу выкарысталі як пешку.
Былая жонка Малейчука спрабавала звязацца з Яўгенам, але ён заблакаваў яе ў сацсетках.
— У іх вельмі-вельмі цесныя адносіны былі са Славам, яны адзін аднаго братамі называлі, — працягвае яна. — Таксама мяне заблакаваў яго брат Кірыл. Я тады напісала Славу пра Жэню [ў лісце ў СІЗА]. Кажу, маўляў, нават брат можа здрадзіць? А ён у адказ: "Я хачу прайсці гэты шлях з верай і на брата я не крыўдую". Жэню ён заўсёды называў братам. Напісаў: "Яго я ўсё роўна лічу братам, у мінулым ён вельмі мне дапамог".
Еўрарадыё таксама паспрабавала звязацца з Яўгенам П. Трубку падняла яго мама.
Еўрарадыё: Добры дзень. Ці можам мы пагутарыць з Яўгенам Анатолевічам?
Мама Яўгена П.: Не, не можаце. Яго няма.
Еўрарадыё: Не падкажаце, дзе ён?
Мама Яўгена П.: Я не ведаю. Ён на працы, яго няма, і будзе не хутка. У яго ўсё добра, толькі я не ведаю, дзе ён, і наогул я не звязваюся з усімі іх гэтымі размовамі.
Еўрарадыё: Яўгена затрымлівалі па гэтай справе, пыталіся што-небудзь?
Мама Яўгена П.: Я наогул на гэту тэму не размаўляю з ім, мяне наогул не цікавіць палітыка.
У міліцэйскім прэс-рэлізе згадваецца, што "тэрарыст" у мінулым "неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці". Былая жонка Вячаслава Малейчука кажа, што з Яўгенам П. ён пазнаёміўся ў турме.
— Некалькі гадоў таму Яўген сядзеў разам са Славам у Івацэвічах. Там яны пазнаёміліся. І пасля гэтага ўсё пачалося, Слава пачаў мець з ім цесныя зносіны. Яўген сядзеў там, потым яго перавялі на хімію, а потым хімію таксама, мабыць, скарацілі, і ён вось так апынуўся на волі, — тлумачыць былая жонка.
У калоніі Яўген П. прыняў іслам. Гэта моцна паўплывала на Малейчука.
— Жэня спрабаваў, каб Слава кінуў курыць, каб Слава займаўся ў трэнажорцы. Слава пачаў займацца, ён ішоў менавіта за ім [за Яўгенам. — Еўрарадыё]. Слава таксама казаў, што, маўляў, "выйдзе Жэня — мы паедзем з ім за мяжу, я таксама хачу прыняць іслам".
Яўгену П. 36 гадоў. Ён жыве ў Барысаве. Для нашай гісторыі гэта важна — бо менавіта ў ваенны гарадок Печы пад Барысавам Вячаслаў Маляйчук і Яўген П. прыехалі, каб закласці другую "выбуховую прыладу".
— Інакш чаго яны паехалі ў Печы? Слава там [на следчым эксперыменце. — Еўрарадыё] толкам нічога не ведаў, ён жа і кажа на камеру, калі яго здымалі: "Я мясцовасці не ведаю", — расказвае сужыцелька Малейчука. — А хто ведае? Чаму я адразу і падумала пра гэтага чалавека, які добра ведаў і мясцовасць, і вайсковую часць, і ўсё-ўсё такое.
А ў доме на вуліцы Убарэвіча ў мінскім мікрараёне Чыжоўка, каля якога ў сметніцу была закладзена першая "самаробная выбуховая прылада", з чэрвеня 2019 года да траўня 2020 года Маляйчук разам з сяброўкай здымаў кватэру. Паводле яе слоў, там бываў і Яўген П. — "разы тры ці чатыры".
Такім чынам, сляды Яўгена П. можна знайсці практычна ў кожным эпізодзе падрыхтоўкі "тэракта", пра якую абвясцілі беларускія сілавікі. Нагадаем, ён не затрыманы і, па словах маці, ходзіць на працу.
Сябры Яўгена тлумачаць гэта кантактамі Яўгена П. з беларускімі сілавікамі.
— Я са слоў Славы ведаю, што ён раней сядзеў ці то за нейкую буйную суму грошай, ці то за махлярства — ужо дакладна не памятаю. І дзякуючы таму, што яшчэ на той час ён супрацоўнічаў з органамі, яго перавялі на "хімію" сюды, у Мінск. Хоць гэтага не павінна было быць. Гэта мне расказваў Слава, — працягвае сяброўка Малейчука.
Былая жонка "тэрарыста" пацвярджае:
— Так, Слава сам мне казаў, што ёсць такая інфармацыя.
Цяпер Вячаслаў Маляйчук знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Дзеянні, якія сілавікі яму прыпісваюць, сталі падставай для ўключэння Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Антона Матолькі і ўдзельнікаў ініцыятывы былых сілавікоў у спіс тэрарыстаў і завядзення ў дачыненні да іх крымінальнай справы за падрыхтоўку акта тэрарызму.
"Затрыманы з доказамі злачынства грамадзянін Маляйчук ужо даў паказанні пра арганізатараў і ўдзельнікаў тэракта", — дакладвае Генпракуратура. А грамадзянін Яўген П.? Чаму ні следчыя, ні наглядныя органы не расказваюць пра яго і яго ролю ў падрыхтоўцы тэрактаў гэтаксама, як пра Вячаслава Малейчука?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.