Мэр пераконвае жыхароў Вільні, што рыхтуецца не план уцёкаў, а план абароны

02/07/2024 - 16:06

Вільня / delfi.lt

Падрыхтаваныя планы абароны Вільні і эвакуацыі яе насельніцтва на выпадак вайны, заявіў мэр літоўскай сталіцы Валдас Бенкунскас. Эвакуацыя з горада будзе ажыццяўляцца ў шасці напрамках па дарогах, якія вядуць на захад і на поўдзень (у залежнасці ад таго, ці ацалеюць масты). Планы эвакуацыі агучвацца не будуць, піша Delfi.

Сховішчы ў Вільні на нядоўгі час могуць змясціць 50% жыхароў, а стаіць задача даць прытулак 100%. Таму адбываецца інвентарызацыя будынкаў з падземнымі памяшканнямі — падваламі, стаянкамі для машын, якія прыдатныя для выкарыстання ў якасці сховішчаў. "Галоўнае, каб людзі ведалі, дзе бліжэйшы да іх прытулак у выпадку паветранай трывогі", — кажа мэр.

У Вільні сёлета значна павялічаць колькасць сірэн для папярэджання аб небяспецы, каб іх чуў увесь горад.

"Вільня — сталіца, таму яна мішэнь і цэль нумар 1, — гаворыць Валдас Бенкунскас. — ...Мы знаходзімся побач з мяжой Беларусі. За некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Вільні ёсць Астравецкая АЭС, якая з'яўляецца пагрозай".

А яшчэ плануецца набыццё бетонных блокаў, "зубоў цмока", сталёвых вожыкаў для перакрыцця дарог (найперш для блакавання ўезду ў горад). Карту гэтых дарог улады абмеркавалі з вайсковымі спецыялістамі. Яна ахоплівае і "сетку невялікіх дарог, пачынаючы з лясных, гравійных, якія маглі б выкарыстоўвацца падчас атакі на горад".

Бенкунскас пераконвае жыхароў Вільні, што рыхтуецца не план уцёкаў з горада, а план яго абароны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі