Мельянцоў: На першы погляд, з падпісаннем Мытнага кодэкса Беларусь выйграла

13/04/2017 - 12:43

Адмова падпісваць Мытны кодэкс выкарыстоўвалася Мінскам, як перамоўная пазіцыя, якую можна выкарыстаць, каб пазбегчы ўсіх бедаў і недахопаў нашай эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Гэта і выключэнні з гандлёвых рэжымаў, і пастаянныя праблемы з бактэрыямі ў беларускіх прадуктах і гэтак далей. Адбылася сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу, “падставы для далейшага непадпісання зніклі” і Аляксандр Лукашэнка нарэшце падпісаў Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза. Так падпісанне дакумента каментуе ў эфіры Еўрарадыё старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

Мельянцоў: “У межах Еўразійскай інтэграцыі гэты дакумент карысны: Кодэкс спрашчае гандаль паміж краінамі саюза, спрашчае заканадаўства і ўводзіць так званы прынцып “аднаго вакна”, электроннае дэклараванне, у ім інкарпаруюцца шматлікія міжнародныя дамовы, якія раней паасобку ўлічваліся рознымі краінамі, і таму ўзнікала шмат блытаніны. Тэкст гэтай дамовы больш структураваны, ён спрашчае шэраг працэдур таго ж мытнага дагляду. Карацей, у межах інтэграцыйнай логікі Еўразійскага саюза гэты дакумент прагрэсіўны, гэта крок наперад”.

Адначасова эксперт звяртае ўвагу на тое, што да гэтага часу не вядомыя падрабязнасці дамоўленасцяў паміж кіраўнікамі Расіі і Беларусі, якія падштурхнулі Аляксандра Лукашэнку да падпісання Мытнага кодэкса.

Мельянцоў: “Мы ведаем у агульных рысах, што нафты ў нас будзе столькі, як і абяцалася ― 24 мільёны тон. У нас будзе газ, хоць дагэтуль і не вядома, колькі ён будзе каштаваць і па якой формуле той кошт будзе вылічвацца. Будзе і расійскі крэдыт, хоць і не вядомыя яго ўмовы. На першы погляд, Беларусь выйграла ў гэтай вайне. Але з-за недахопу інфармацыі мы не можам канчаткова сказаць, хто ж там каго перайграў, што было на кану з беларускага боку і ці атрымала Расія тое, што яна хацела ці не? Таму і з’яўляюцца канспіралагічныя версіі кшталту таго, што беларускі кіраўнік даў дазвол на размяшчэнне авіябазы, якую расіяне хацелі”.

Цалкам размову з Дзянісам Мельянцовым можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі