Грошы, ілюстрацыйнае фота
Медыянны заробак у Беларусі ў траўні склаў 2314,9 рубля, паведамляе Белстат. Гэта на 233 рублі больш, чым у лістападзе 2025-га. А за год медыянны заробак павялічыўся на 300 рублёў.
Пры гэтым намінальны налічаны сярэдні заробак у траўні склаў 3003,5 рубля — на 688,6 рубля больш за медыяны. У параўнанні з сярэднім заробкам медыянны аказаўся меншым на 22,9%. Паўгода таму розніца складала больш за 26%.
Медыянны заробак у Беларусі разлічваюць двойчы ў год — у траўні і лістападзе. Гэты паказчык дзеліць усіх напалову: палова работнікаў атрымлівае больш за гэтую суму, палова — менш. Ён лічыцца больш аб'ектыўным індыкатарам дабрабыту, чым сярэдні заробак.
Калі медыянны заробак значна ніжэйшы за сярэдні, гэта сведчыць пра нераўнамернае размеркаванне даходаў. Гэта паказчык таго, што ў краіне невялікі пласт людзей атрымлівае высокія даходы, якія цягнуць сярэдні заробак уверх. А большасць зарабляе заўважна менш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут