МАЗ паказаў спартовы грузавік магутнасцю амаль у 1000 коней

20/12/2018 - 12:05

20 лістапада Мінскі аўтамабільны завод прэзентаваў новую машыну для сусветна вядомага ралі-рэйда “Дакар”, на якой беларускія кіроўцы будуць змагацца за перамогу ўжо праз год. Галоўнай асаблівасцю грузавіка стала змена кузава — цяпер ёсць вялікі капот і больш прасторная кабіна, а цэнтр цяжару змешчаны да сярэдзіны платформы.

За рулём грузавіка прыехаў капітан беларускай каманды “МАЗ-СПОРТаўта” Сяргей Вязовіч, які ў студзені 2018 года здабыў срэбны медаль “Дакара”.

“Гэта цалкам новы аўтамабіль капотнай канфігурацыі. У гэтым годзе на ралі “Дакар” ён не будзе ўдзельнічаць у ралі, нашы машыны ўжо ўплылі туды (у Перу, — Еўрарадыё). У ім прымененыя новыя тэхналагічныя рашэнні. Самыя заўважныя з іх — з’яўленне капота, перасунутая кабіна, каробка-аўтамат, новая платформа, новае размяшчэнне дадатковых колаў і паліўнага бака. Развагоўка аўтамабіля цяпер складае 50 на 50, істотна зменшылася вага. З-за новай кампаноўкі кіраванне аўтамабілем стала больш дакладным, а нагрузкі на экіпаж зменшыліся”, — распавёў пілот пра новы грузавік.

Новы грузавік з большага выраблены з серыйных кампанентаў, а шмат якія рэчы ўзятыя з серыйных машын. Адзінае, што фактычна адрознівае новы спартовы грузавік — гэта крыху іншая кампаноўка. Колькасць дэталяў айчыннай вытворчасці складае каля 90% — канструктарам давялося набыць толькі вузкаспецыялізаваную спартовую падвеску, рысоры, каробку перадач, масты і раздатачную каробку.

Вясной 2019 года пачнуцца палявыя выпрабаванні “капотніка”, а таксама шэраг стартаў, у якіх спартовую машыну правераць на справе. Калі ўсё будзе добра, то ўжо ў 2020 годзе гледачы ўбачаць новы аўтамабіль на старце самага вядомага ў свеце ралі.

У ралі “Дакар-2019”, якое пройдзе ў Перу з 6 па 17 студзеня, будуць ўдзельнічаць тры беларускія экіпажы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі