Мастачкі, валанцёры, гулец "Што? Дзе? Калі?": каго судзяць па "Справе студэнтаў"

14/05/2021 - 11:32
Пратэст студэнтаў

14 мая ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачаўся разгляд "Справы студэнтаў". Судзяць адразу 12 чалавек, якія абвінавачваюцца ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы ўстаноў і транспарту (ч.2 арт.17 і ч.1 арт.342 КК). Ці прасцей: за студэнцкія пратэсты.

Большасць фігурантаў крымінальнай справы былі затрыманыя 12 лістапада 2020 года — ужо больш за паўгода яны знаходзяцца ў зняволенні. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Расказваем, хто яны і чым займаліся.

Марыя Каленік

Студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў. 1 чэрвеня ёй споўніцца 23 гады.

Яе бацька і старэйшая сястра — мастакі, таму пасля гімназіі імя Ахрэмчыка дзяўчына таксама збіралася ў Акадэмію. З першага разу не паступіла, але не здалася.

Сястра Марыі Ульяна распавядала ў каментары Праваабарончаму цэнтру "Вясна", што дзяўчына востра ўспрымае несправядлівасць: "Яна, як і многія, супраць фальсіфікацыі выбараў і супраць гвалту, супраць дыктатуры — і гэтую пазіцыю яна адкрыта выказвала. Бабулі яна піша, што ні пра што не шкадуе, што верная сваім прынцыпам і каштоўнасцям, што не падае духам".

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка "Задзіночання беларускіх студэнтаў" і валанцёрка Праваабарончага цэнтра "Вясна". Сваё 20-годдзе 19 снежня 2020 года яна сустрэла ў СІЗА.

Дзяўчына скончыла Ліцэй БДУ і на ЦТ паказала ашаламляльны вынік: па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве набрала 100 балаў, па трэцім прадмеце — 97.

"Яна вельмі сціплая дзяўчына, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Любіць маляваць, піша апавяданні (некаторыя з іх друкаваліся ў часопісе "Маладосць"), грае на гітары. Ва ўніверсітэце яны з іншымі студэнтамі стварылі творчы саюз факультэта", — распавядала "Нашай Ніве" пра малодшую сястру Кася Сырамалот.

Яна Арабейка

20-гадовая Яна — студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ. У сваім універсітэце яна спрабавала палепшыць умовы навучання. У тым ліку дабівалася, каб адміністрацыя ўладкавала дарожку ад станцыі метро да навучальнага корпуса: дзяўчына збірала подпісы, звярталася ў дзяржаўныя інстанцыі. Ёй спачатку адмаўлялі, але ў выніку дарожку ўсё ж такі праклалі.

Перад затрыманнем Арабейка актыўна дапамагала палітвязням — насіла ім перадачкі.

Кася Будзько

Касі праз паўтара тыдні споўніцца 20 гадоў. Яна сяброўка Яны, яны разам вучыліся ў БДПУ. Абедзве дзяўчыны — мастачкі з "Майстэрні паштовак салідарнасці", ініцыятывы ЗБС і Беларускай праваабарончай школы. Дзяўчаты вучылі рабіць прыгожыя паштоўкі, якія людзі дасылалі затым зняволеным.

Актывістак не раз выклікала на прафілактычныя гутаркі кіраўніцтва ВНУ.

Ягор Канецкі

21-гадовы Ягор — студэнт пятага курса біялагічнага факультэта БДУ, сябра "Задзіночання беларускіх студэнтаў" і актывіст Свабоднага прафсаюза.

"Ён выдатны і верны сябар, добры і інтэлігентны хлопец. На факультэце яго ведаюць як працавітага і добрасумленнага студэнта. З першага курса ён стаў займацца ў НДЛ біяхіміі абмену рэчываў кафедры біяхіміі, многія гадзіны ён прысвячае займальнай працы ў лабараторыі. Ягор таксама — актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця факультэта, арганізоўвае і праводзіць факультэцкія мерапрыемствы — асабліва яго цікавіць экалагічны напрамак", — так ахарактарызавалі "Вясне" Ягора сябры.

Глеб Фіцнер

Глебу 21 год. Ён студэнт чацвёртага курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ. Быў адзіным хлопцам у сваёй групе.

Вось што "Вясне" распавялі яго аднагрупніцы пасля затрымання маладога чалавека:

"Наша група не была б такой дружнай, калі б не Глеб. Ён неяк непрыкметна аб'ядноўвае людзей. Гэта хлопец з дакладнымі асабістымі амбіцыямі, гатовы да працы і абароны дзеля іх. Чалавек з аналітычным складам розуму, чалавек-крэмень. Глеб вельмі зацікаўлены ў эканоміцы і фінансах, з ім заўсёды вельмі цікава пагаварыць і паспрачацца. Ён валодае шырачэннымі ведамі, таму мы нават жартам называем яго "эксперт у галіне ўсяго"".

Ілля Трахтэнберг

Студэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ, гулец у спартыўнае "Што? Дзе? Калі?”. 19-гадовы хлопец актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх пратэстах.

"Так, я прымаў удзел у забастоўках і ўсіх студэнцкіх актыўнасцях. Адміністрацыя пра гэта выдатна ведала, паказвала мне фота ўдзелу. Але я і не хаваўся, таму што ніяк не парушаў закон і нармальна вучыўся", — распавядаў Трахтэнберг у інтэрв'ю Onliner.by.

З сярэднім балам 7,9 хлопец атрымліваў павышаную стыпендыю, але гэта яго не выратавала ад адлічэння. Афіцыйна — за прагулы. Пасля адлічэння Іллі ўручылі позву ў ваенкамат. Хлопец казаў, што плануе праходзіць медкамісію і рыхтавацца да паступлення зноўку — гэтым разам на архітэктара. Але быў затрыманы паўторна.

Вікторыя Гранкоўская

Вікторыі 24 гады. Яна былая студэнтка БНТУ, вучылася на чацвёртым курсе архітэктурнага факультэта. Дзяўчыну адлічылі пасля восеньскіх акцый пратэсту, хоць яна добра вучылася і была старастай групы. Сярэдні бал за летнюю сесію — 8,4.

Вікторыя сірата — яе з братам Яўгенам выгадавала бабуля. Пасля школы дзяўчына скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў, па размеркаванні трапіла ў Дзятлаўскую школу мастацтваў, дзе працавала з дзецьмі з інваліднасцю.

"У Вікі характар байца, моцны і настойлівы. Яна дапамагала ўладкоўваць бяздомных жывёл, збірала грошы на іх лячэнне і вазіла па ветэрынарных клініках", — у каментары "Нашай Ніве" распавёў яе брат Яўген.

Анастасія Булыбенка

19-гадовая Анастасія — яшчэ адна адлічаная студэнтка БНТУ. Яна вучылася на машынабудаўнічым факультэце.

Дзяўчына родам з Магілёва. Да ўніверсітэта вучылася ў мастацкай школе, гуляла ў КВЗ. У старэйшых класах разам з маці пераехала ў сталіцу.

За адну з восеньскіх акцый пратэсту Анастасія адседзела 10 сутак. Праз тыдзень пасля выхаду з ізалятара часовага ўтрымання яна даведалася, што яе адлічылі з універсітэта.

Таццяна Якельчык

Таццяна — 20-гадовая студэнтка механіка-матэматычнага факультэта БДУ. У адрозненне ад іншых фігурантаў "Справы студэнтаў" яе затрымалі праз два тыдні, 26 лістапада. Перад гэтым у яе дома прайшоў ператрус, падчас якога былі канфіскаваныя тэлефон і ноўтбук.

Алана Гебрэмарыам

Алана на момант затрымання не з'яўлялася студэнткай: у 2019 годзе яна скончыла медуніверсітэт па спецыяльнасці "Дантыст". Дзяўчына працягвала актыўную дзейнасць у незалежным студэнцкім руху: была адной з лідарак "Задзіночання беларускіх студэнтаў", а пасля жнівеньскіх падзей увайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады і стала памочніцай Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў. Апошняе, магчыма, і стала галоўным трыгерам, які прывёў да затрымання.

Бацька Аланы — эфіоп, маці — беларуска. Дзяўчына ўсё жыццё пражыла ў Беларусі і ў паўсядзённасці размаўляла па-беларуску.

У 2019 годзе пасля заканчэння ўніверсітэта ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах. Вылучалася ад партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная "Грамада"", як і іншыя прадстаўнікі "Моладзевага блока". У якасці кандыдата ў дэпутаты дзяўчына лабіравала тры моладзевыя тэмы: адтэрміноўку ад войска, змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства і адмену абавязковага размеркаванне пасля заканчэння ВНУ.

Вольга Філатчанкава

Яшчэ адна "не студэнтка" ў "Справе студэнтаў". Ёй 41 год, яна працавала асістэнткай на кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій у БДУІР. Як і за большасцю фігурантаў справы, за ёй прыйшлі 12 лістапада.

На прэзідэнцкіх выбарах Філатчанкава была незалежнай назіральніцай. 26 кастрычніка падтрымала Нацыянальную забастоўку: у БДУІР тады адкрыта страйкавалі 38 выкладчыкаў і работнікаў. Вольга таксама ўдзельнічала ў сумесным відэазвароце выкладчыкаў БДУІР супраць гвалту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі