Масква ў Беларусі робіць стаўку на "легітымных прадстаўнікоў"

30/12/2020 - 09:12
Сяргей Лаўроў і Аляксандр Лукашэнка / з архіву БЕЛТА​

У Маскве лічаць, што лёс Беларусі павінныя вырашаць грамадзяне краіны і іх законныя прадстаўнікі, заявіў у інтэрв'ю ТАСС міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

"Зыходзім з таго, што лёс Беларусі будзе вырашаць менавіта беларускі народ і яго легітымныя прадстаўнікі, а не самазванцы і іх заходнія куратары", — сказаў ён.

Лаўроў казаў пра тое, што знешняе ўмяшанне ў палітыку постсавецкіх краін "пачалося не ўчора". У якасці прыкладу прывёў падзеі ва Украіне — "падтрыманы Вашынгтонам і Брусэлем у лютым 2014 года дзяржаўны пераварот і ўзброены захоп улады". У Беларусі, па яго думку, таксама была спроба каляровай рэвалюцыі.

Нагадаем, пасля выбараў Расія стала адной з нешматлікіх краін, якія прызналі вынікі выбараў у Беларусі. Святлана Ціханоўская неаднаразова казала пра сваё жаданне сустрэцца з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.  

"Мы хацелі б выказаць свой пункт гледжання, мы хацелі б пачуць пазіцыю Расіі па беларускім пытанні",казала яна, у прыватнасці, у канцы лістапада ўкраінскай службе "Радыё Свабода".

Пра кантакты з Масквой гаварыў і лідар Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Праўда, Лаўроў раней ужо абвяргаў факт такіх кантактаў, даваў зразумець, што ніякіх сустрэч не было, і сказаў, што заява Латушкі пра "кантакты на досыць высокім узроўні" "беспардонная", бо той не можа назваць прозвішчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі