Макей не бачыць шляхоў для хуткага вырашэння "ўкраінскага крызісу"

24/07/2017 - 19:59

Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей не бачыць магчымасцяў для ўрэгулявання крызісу на ўсходзе Украіны ў бліжэйшай будучыні. З такой заявай міністр выступіў 24 ліпеня па выніках візіта ў Славенію.

"Для таго, каб ўсталяваліся мір і спакой у гэтым рэгіёне, трэба, каб усе бакі беспярэчна выконвалі Мінскія дамоўленасці. Сёння гэтага няма, — зазначыў Макей. — Калі мы бачым, што гэтага няма, значыць, магчыма, трэба падумаць пра арганізацыю яшчэ адной сустрэчы, можа быць, у тым жа "нармандскага фармаце", а, можа быць, з прыцягненнем іншых гульцоў. Сустрэча дазволіла б удасканаліць дамоўленасці, заключаныя ў 2015 годзе, і вызначыць дакладны механізм кантролю за выкананнем гэтых дамоўленасцяў. І тады, магчыма, прагрэс ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны быў бы больш значным".

Макей не ўдакладніў, якіх "дадатковых гульцоў" ён хацеў бы бачыць на перамовах па сітуацыі ва Украіне ў "нармандскім фармаце". Але зазначыў, што гаворка ідзе не пра сустрэчу паміж Расіяй, Украінай і Беларуссю.

"Беларусь зацікаўлена ў тым, каб крызіс у нашай суседняй краіне, паўднёвай суседцы, як мага хутчэй спыніўся", — дадаў міністр замежных справаў Беларусі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі