Махляры з партрэтамі дзяцей сталі прасіць меншую міласціну, чым да крызісу

24/02/2016 - 14:32

Яшчэ год таму махляры, якія збіраюць грошы з фіктыўнымі партрэтамі хворых дзяцей, заяўлялі, што на аперацыю ім трэба 40, 50 і нават 60 тысяч еўра. Але, падобна на тое, што крызіс прымусіў іх змяніць тактыку.

“Люба” з партрэтам хлопчыка, якую сустракаем ля гіпермаркета “Гіппа” ў Мінску, кажа Еўрарадыё, што збірае усяго 300 долараў на кансультацыю…у нямецкай клініцы.

“Калі лячыцца ў Беларусі, няма ніякіх шанцаў, што Мікалай будзе хадзіць”, — жаласлівым голасам апавядае “Люба”.

Яна паказвае нумар кол-цэнтра нямецкай клінікі, які пачынаецца з +7 (з гэтай лічбы пачынаецца тэлефонны код Расіі). А таксама запэўнівае, што няма розніцы, чым расплачвацца ў Германіі — у доларах ці ў еўра.

Мікалай Маліноўскі гэта сапраўды жыхар Калінкавіч, які мае праблемы са здароўем. Вядома, што ён рос у цыганскай сям’і і на яго аперацыю ў Германіі збіраюцца грошы ля гіпермаркетаў многіх гарадоў Беларусі.

Мікалай просіць Еўрарадыё даць яму 6-7 мільёнаў на інвалідны вазок і паведамляе, што на яго найважнейшую аперацыю ў жыцці “тысячу еўра засталося сабраць”.

“Сваячку Любу”, на якую Еўрарадыё наткнулася ў Мінску, ён абвінавачвае ў фальшывасці. Але і сам не да канца шчыры. Пытаемся ў Мікалая, у якой нямецкай клініцы яму будзе зробленая аперацыя? Хлопец спасылаецца на тое, што ён непісьменны, і кліча “сястру Юлю”, якая таксама не называе нямецкі горад, у якім яе брат збіраецца лячыцца. Спрабуем ёй дапамагчы.

Еўрарадыё: Ёсць у нас свае людзі, якія ў Германіі ў вядомай клініцы працуюць, у горадзе Марсэль (насамрэч, гэта горад у Францыі, але гэтага мы не кажам).

“Сястра Юля”: Так, так.

Еўрарадыё: Дык клініка гэтая — у горадзе Марсэль у Германіі, так?

“Сястра Юля”: Угу.

***

23 лютага на паркоўцы ля “Еўраопта” ў Мінску да журналіста Еўрарадыё падыходзіць мужчына. Ён заяўляе, што збірае грошы для хворай жыхаркі Калінкавіч Таццяны Вакальчук. І таксама не заікаецца пра дзясяткі тысяч еўра на аперацыю.

“І пяць, і дзесяць, і сто тысяч людзі даюць. Хто колькі можа”, — намякае мужчына, колькі трэба пакласці ў пакет.

Тэлефануем сапраўдным сваякам Таццяны Вакальчук, на лячэнне якой мужчына збіраў грошы ля “Еўраопта”. Яны скардзяцца, што ніякую дапамогу не збіраюць, а ад імені сям’і дзейнічаюць аферысты.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі