Магілёўскіх хакеістаў адправілі на поле збіраць камяні

16/04/2024 - 10:09

Час збіраць камяні / vk.com/hcmogilev

Магілёўскіх хакеістаў адправілі на поле збіраць камяні. У клубе гэтую працу называюць "незвычайнай выязной трэніроўкай". Нібыта, яны захацелі "разнастаіць" трэніровачны працэс.

У панядзелак гульцы і трэнеры ХК "Магілёў" паехалі ў Шклоўскі раён "практычна ў поўным складзе". Яны працавалі на полі прадпрыемства "Палыковіцкае". Цікава, што, як паведамляе прэс-служба клуба, дырэктар прадпрыемства яшчэ перад іх выхадам на поле ўручыў хакеістам памятныя падарункі, а таксама пальчаткі.

Нават моцны вецер не перашкодзіў моцным хлопцам ачысціць ад камянёў тры вялікія палі. Перад ад'ездам у Магілёў іх пакармілі.

Мінулым летам на палі прыбіраць камяні адпраўлялі футбалістаў "Тарпеда-БелАЗ". Яны якраз няўдала гулялі ў чэмпіянаце.

Збор камянёў у Беларусі ідзе з сакавіка. Аляксандр Лукашэнка вельмі абураўся, што палі засеялі, але перад гэтым не прыбралі камяні (убачыў гэта з верталёта). На палі адправілі вайскоўцаў, студэнтаў, чыноўнікаў, працаўнікоў прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і культуры, школьнікаў і нават асуджаных. А цяпер падключылі і спартсменаў. Відаць, у РБ чакаецца рэкордны "ўраджай" камянёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі