8-гадовая дзяўчынка пацярпела ад уласнай маці, якая некалькі разоў ударыла яе малатком па галаве. Такую папярэднюю версію вылучаюць праваахоўнікі. Як паведамляе прэс-служба МУС у сваім Тэлеграм-канале, здарэнне адбылося сёння раніцай у сталічным мікрараёне Каменная Горка — у 8:30 медыкі з лякарні спавясцілі міліцыю, што да іх паступіла дзіця з моцным крывацёкам галавы.
Паводле папярэдніх звестак, 37-гадовая маці некалькі разоў ударыла малалетнюю дачку малатком па галаве.
Цяпер следчыя апытваюць суседзяў і сваякоў, праводзяць іншыя дзеянні, скіраваныя на высвятленне акалічнасцяў здарэння.
Жанчыну даставілі ў медустанову для вызначэння яе псіхічнага і фізічнага стану.