Лыжнік Сяргей Далідовіч: мне вельмі спадабаўся "ланцуг салідарнасці"

23/06/2020 - 15:33

Лыжнік Сяргей Далідовіч кажа, што яму не вельмі падабаюцца падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю спартоваму сайту "Трыбуна". 

Пра выбары спартовец выказваецца сцісла: "Як можна не сачыць за перадвыбарнай сітуацыяй чалавеку, які доўга жыве ў Беларусі? Я ўжо даўно вызначыўся, за каго буду галасаваць — 9-га зраблю свой выбар, вядома".

Далідовіч не называе кандыдата, за якога хоча галасаваць, але заяўляе, што апошнія падзеі ў краіне выклікаюць у яго насцярогу. "Ёсць людзі, якія хочуць дэстабілізацыі ў краіне і на вуліцы. Я заўсёды казаў, што хачу пераменаў, але не хачу, каб яны прайшлі сілавым шляхам, каб не было вялікага ўзрушэння".

Пры гэтым лыжнік лічыць важным, каб апаненты Аляксандра Лукашэнкі былі пачутыя. "Адзінае, што мяне ў гэтай сітуацыі напружвае, як казаў чалавек, якога затрымалі, чаму яго раней не затрымалі", — згадвае ён пра затрыманне экс-банкіра Віктара Бабарыкі.

Далідовіч лічыць, што мы жывем у прававой дзяржаве. Спартовец згадвае, як у яго падатковая правярала фінансы, калі ён збіраў праз краўдфандынг грошы для выступу на Алімпіядзе. Тады, маўляў, знайшлі недаплату падаткаў. "Спадзяюся, што цяпер ідзе праверка чалавека, які вылучыўся ў кандыдаты ў прэзідэнты, — і ў яго таксама ўсё будзе нармальна", — мяркуе ён.

Ад акцыяў пратэсту, якія прайшлі на мінулым тыдні ў розных гарадах краіны, у Далідовіча дваякае ўражанне: "Нельга затрымліваць толькі за тое, што тваё бачанне свету адрозніваецца ад іншага. Яшчэ мне вельмі спадабаўся "ланцуг салідарнасці", які быў арганізаваны. Адзінае, калі б ён быў арганізаваны, зацверджаны, дазволены... Калі б ён быў дазволены, то я абавязкова б выйшаў і ў "ланцугу салідарнасці" пастаяў".

Сяргей Далідовіч — адзін з наймайцнейшых лыжнікаў у гісторыі Беларусі. Ён удзельнічаў у сямі Алімпіядах, быў пераможцам і прызёрам этапаў Кубка свету. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі