У нас добрыя навіны / Еўрарадыё
У гэтым аглядзе вас чакаюць цудоўнае выратаванне трусоў, гульня ў асацыяцыі і адна гісторыя шчодрасці на мільён долараў.
Турысты любяць трусоў, якія жывуць на лужку каля Дома інвалідаў у Францыі. Але не ўсе турысты ведалі, што гэтая папуляцыя трусоў строга рэгулюецца.
Час ад часу на лужок прыводзілі тхара, які выманьваў трусоў з іх хатак. А потым салдаты ўсыплялі жывёл. Увогуле на лужку заўсёды жыло ў сярэднім дваццаць трусоў.
І цяпер суд вырашыў: даволі! І, па меншай меры, на час трусоў памілавалі.
Праціўнікі трусоў настойвалі: маўляў, памілуйце, яны ўжо нанеслі шкоды на 15 тысяч еўра! Перакопвалі лужок, перагрызалі шлангі!
Але суд памілаваў трусоў. Як мінімум да канца лета ім нічога не пагражае.
Паўднёвакарэйскі канал спрабаваў растлумачыць, чым праславіліся краіны-ўдзельніцы Алімпіяды. А ў выніку вымушаны быў вытлумачвацца.
Справа ў тым, што падчас трансляцыі цырымоніі адкрыцця карэйцы вырашылі выкарыстаць "тлумачальныя" малюнкі і подпісы, якія самім краінам здаліся абразлівымі.
Гэта значыць, калі ішла дэлегацыя Італіі, паказалі піцу. Для дэлегацыі Румыніі патлумачылі — "Дракула". А каб расказаць, хто такія ўкраінцы, выкарыстоўвалі вобраз Чарнобыльскай катастрофы.
Канал апублікаваў афіцыйнае прабачэнне. Урок просты: калі нешта гугліш, перайдзі хоць бы на другую старонку выдачы, не бяры першую карцінку, якая трапілася!
Нямецкі пенсіянер Хорст Эшлер ахвяраваў пацярпелым ад паводкі мільён еўра. А потым папракнуў свой любімы футбольны клуб "Баварыя": сказаў, што яны таксама маглі б не паскупіцца. І тады сам Эшлер дадасць яшчэ 200 тысяч!
Клуб да таго моманту перадаў пацярпелым ад паводкі 100 тысяч еўра. Але пасля прызыву пенсіянера абвясціў, што правядзе таварыскі матч і ўсе сабраныя грошы — але не менш за мільён еўра — перадасць тым, хто пацярпеў ад стыхіі.
Прычым перавод зрабілі яшчэ да таго, як вызначыліся з датай матча. А потым перавялі яшчэ сто тысяч на дапамогу самой Баварыі.
Імя пенсіянера ў прэс-рэлізе, які абяцаў такі шчодры пераклад, не гучала, але ён усё зразумеў. І выканаў абяцанне — аддаў на дабрачыннасць яшчэ 200 тысяч еўра!
За Эшлера не хвалюйцеся — пенсіянер сказаў, што яму пакуль яшчэ хапае грошай, каб купіць сабе хлеб. Перад смерцю жонкі ён паабяцаў ахвяраваць назапашванні, якія яны збіралі ўсё жыццё.
Аўстралійскі трэнер па плаванні паказаў, што такое па-сапраўднаму добрая навіна. І як на яе рэагаваць. Калі яго выхаванка Арыарне Цітмус узяла золата на Алімпіядзе ён, як пазней казаў, "выйшаў з цела". Гэта значыць, на трыбуне сапраўды рабілася нейкае вар'яцтва!
Прадстаўнікі зборнай яго не асудзілі. І сказалі, што трэнер "ідэальна падвёў вынікі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут