Лукашэнку прадставілі першы беларускі аўтамат. Што з ім не так?

19/08/2026 - 14:17

Ён даволі састарэлы / president.gov.by

Аляксандру Лукашэнку 18 жніўня падарылі ВСК-100Б — аўтамат, які ўлады называюць "першым цалкам беларускім". Але калі адставіць размовы пра "новую айчынную распрацоўку", высвятляецца, што канструкцыя ў яго даволі састарэлая.

Еўрарадыё вывучыла "новую" распрацоўку і тлумачыць, у чым яе недахопы.

Гэта не (зусім) новы аўтамат

ВСК-100Б створаны па АК-падобнай сістэме, з выкарыстаннем патрона 7,62×39 мм. Сам ВСК-100 вядомы як мінімум з 2020 года, а яго распрацоўкай у Беларусі займаюцца з 2018–2019 гадоў. Раней асобныя дэталі для аўтамата закуплялі ў Расіі. Цяпер заяўляецца, што засвоены поўны цыкл вытворчасці.

ВСК-100 — гэта, па сутнасці, глыбокая мадэрнізацыя савецкай платформы Калашнікава. У аснове ляжыць канструкцыя, якая ўзыходзіць да АКМ (аўтамат Калашнікава мадэрнізаваны) і РПК (ручны кулямёт Калашнікава): газаадводная аўтаматыка, паваротны затвор і агульны прынцып работы засталіся знаёмымі.

Галоўнае адрозненне — сучасны "абвес": пластыкавыя дэталі замест драўляных, рэгулюемы прыклад, планкі Picatinny (спецыяльны кранштэйн для стралковай зброі) для ўстаноўкі оптыкі і іншага абсталявання.

ВСК-100Б / БЕЛТА

Знешне аўтамат, можа, і выглядае сучасна, але рэвалюцыі ў "начынцы" няма. Прасцей кажучы, гэта вельмі стары канцэпт, якому зрабілі новую "абгортку".

Ён цяжкі

ВСК-100 важыць каля 4,3 кг без магазіна. Гэта даволі шмат для аўтамата пад патрон 7,62×39 мм. Для параўнання, АК-103 пад той жа патрон важыць прыкладна 3,6 кг.

Вялікую вагу аўтамата часткова можна растлумачыць узмоцненай канструкцыяй і цяжкім ствалом. Гэта можа быць плюсам — трываласць і ўстойлівасць пры інтэнсіўнай стральбе, але для салдата гэта азначае, што з сабой увесь час трэба насіць лішні цяжар.

Калібр

Сам патрон 7,62×39 мм зусім не бескарысны. Ён добра вядомы, распаўсюджаны і эфектыўны на тыповых для аўтамата дыстанцыях. Але патрон быў створаны яшчэ падчас Другой сусветнай вайны — менавіта пад яго ствараўся арыгінальны АК-47.

Калі параўноўваць з малаімпульснымі патронамі 5,45×39 і 5,56×45, у яго цяжэйшая куля, большы адкат і больш нізкая хуткасць. Больш цяжкі боепрыпас павялічвае і масу носімага боекамплекту. Пры стральбе чэргамі гэта асабліва заўважна — кантраляваць зброю складаней.
 

7,62x39, 5,45x39, 5,56x45

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі