Лукашэнка знайшоў "невялікія адрозненні" ў Беларусі і Швейцарыі

13/02/2020 - 08:27

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы для інвеставання. У чацвер ён сустрэўся ў Мінску ў Палацы Незалежнасці з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Швейцарыі Іньяцыё Касісам. "Нам ёсць куды расці, асабліва ў сферы гандлёва-эканамічных дачыненняў, цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Эканоміка — галоўнае".

Беларускі кіраўнік знайшоў "невялікія адрозненні" ў Беларусі і Швейцарыі. "Усё ж такі мы краіна лясная, раўнінная, з вялікай колькасцю водных рэсурсаў, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка швейцарскаму госцю. — У вас, што прыцягвае заўсёды людзей, — шмат добрых даступных гарналыжных курортаў. Горы вельмі ўпрыгожваюць вашу краіну. На жаль, у нас такога няма".

Што да падабенства краін, то Лукашэнка згадаў "пастаянны нейтралітэт" і "вельмі вялікую прыстойнасць ва ўзаемаадносінах з іншымі дзяржавамі".

Касіс у адказ зазначыў, што для швейцарцаў вялікі гонар, калі Беларусь разглядае іх краіну як прыклад для сябе. "У нас сапраўды шмат агульнага, — гаварыў ён. — Колькасць насельніцтва падобная. Мы таксама акружаныя ў тым ліку буйнымі суседзямі".

Кіраўнік Беларусі назваў добрым крокам у накірунку паглыблення супрацоўніцтва прызначэнне ў нашу краіну пасла Швейцарыі і адкрыццё 13 лютага пасольства ў Мінску. Прыезд кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Швейцарыі — першы ў гісторыі візіт у нашу краіну афіцыйнага швейцарскага прадстаўніка такога ўзроўню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі