Лукашэнка заявіў, што сярэдні заробак па краіне можа дасягнуць 1500 рублёў

11/08/2017 - 10:14

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сярэдні заробак па краіне можа дасягнуць 1500 рублёў. У пятніцу ён знаходзіцца з візітам у Брэсце. Падчас азнаямлення з сацыяльна-эканамічным развіццём горада кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт заробкаў.

“Мы адну тысячу рублёў будзем мець, але гэта будзе сярэдні заробак, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Ёсць прадпрыемствы, якія гэты сярэдні заробак цягнуць уверх, гэта добра. Але палова, можа, крыху менш прадпрыемстваў, дзе мы недацягваем да гэтага ўзроўню, і ўвогуле там зарплата невялікая”. Паводле яго слоў, у 2018 і 2019 гадах прадпрыемствы, на якіх мала зарабляюць, будуць падцягваць да 1 тысячы рублёў. І калі гэтае даручэнне выканаюць, сярэдняя зарплата па краіне можа дасягнуць 1,5 тысячы рублёў.

Кіраўнік дзяржавы заклапочаны, што сярэдні заробак у памеры 1 тысяча рублёў да канца года будзе дасягнуты, але ўжо ў пачатку новага года ён можа знізіцца. Таму ён патрабуе, каб сёлета дасягнуты ўзровень заробку быў “замацаваны”. Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук запэўніў Лукашэнку, што да канца 2017-га Брэст стабільна выйдзе на сярэдні заробак у памеры 1 тысяча рублёў.

Падчас знаходжання ў Брэсце Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў навесці парадак у мясцовым аэрапорце. На сённяшні дзень ён прымае зусім мала рэйсаў (за тыдзень — толькі 2 рэйсы на Калінінград) і практычна не выкарыстоўваецца.

Здымак з архіву.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі