Лукашэнка: Заганяць людзей на выбарчыя ўчасткі не трэба, трэба іх папрасіць

06/09/2016 - 10:04

Заганяць людзей на выбарчыя ўчасткі не трэба, трэба іх папрасіць. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Яна адбылася ў аўторак, у дзень пачатку датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Лукашэнка адзначыў, што выбары павінны быць святам для людзей, іх трэба правесці годна, без прымусу. У той жа час ён хоча, каб прыйшло прагаласаваць як мага больш людзей. І гэта было б паказчыкам сувязі "паміж уладай і народам", паказчыкам "ацэнкі людзьмі парламенцкіх выбараў".

"Падкрэсліваю: заганяць людзей на ўчасткі не трэба, трэба іх папрасіць. Трэба папрасіць, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы сказаў Лідзіі Ярмошынай, што не трэба баяцца, што Захад дасць нізкую ацэнку выбарам з-за таго, што будзе вялікі працэнт датэрміновага галасавання. Паводле яго слоў, у іншых краінах з-за гэтага ніхто не напружваецца. "Галоўнае, каб чалавек прагаласаваў", — сказаў Лукашэнка. Ён прызнаўся, што хацеў прагласаваць датэрмінова, але перадумаў, інакш "перакуліцца свет", з'явіцца "вялізная прорва". Відаць, мае на ўвазе крытыку, якая абрынулася б на яго.

У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка заявіў, што палітычная кампанія не павінна парушыць "мір і спакой у нашай краіне". "Таму я звяртаюся да людзей, каб яны прыйшлі і прагаласавалі на гэтых выбарах так, як лічаць патрэбным", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі