Лукашэнка выказаўся пра фільм DW пра беларускія "эскадроны смерці"

24/12/2019 - 12:15

Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра нядаўні фільм DW пра беларускія "эскадроны смерці". Яго героем быў былы беларускі спецназавец Юрый Гараўскі, які сцвярджае, што ў 1999-м быў удзельнікам "эскадрона смерці", удзельнічаў у выкраданнях і забойствах апазіцыянераў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага.

24 снежня ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксею Венедыктаву Лукашэнка назваў фільм "правакацыяй". "Навошта гэта трэба? Заўтра прэзідэнцкія выбары", — так патлумачыў кіраўнік дзяржавы яго з'яўленне.

Лукашэнка: "Ніхто зверху акрамя прэзідэнта не можа даць такую каманду [пра выкраданне і забойства палітычных апанентаў]... Ніхто... У Беларусі, калі я не дам каманду, ніхто не будзе здзяйсняць гэтыя злачынствы. Я ніколі ў жыцці не даваў і даваць не буду такой каманды. Навошта мне гэта трэба было? Што змянілася, калі не стала ў Беларусі 2-3 чалавекі?!".

Лукашэнка згадаў зніклага летам 2000-га аператара Дзмітрыя Завадскага. Па яго словах, ён "загінуў з-за Чачні і [Паўла] Шарамета". Відаць, Аляксандр Лукашэнка мае на ўвазе, што Шарамет зрабіў сюжэт на тэму Чачні і затрыманага там расіянамі беларускага спецназаўца. А Завадскі працаваў з Шараметам, і яго маглі скрасці, каб адпомсціць ці даведацца нейкую інфармацыю.

"Не трэба на мяне гэта "грузіць". Я не даю такіх каманд!", — у чарговы раз заявіў Лукашэнка.

Згадваючы Захаранку і Ганчара, Лукашэнка сказаў: "Якімі яны палітыкамі былі?!". Ён назваў Ганчара сваім "таварышам і сябрам", з якім яны разам хадзілі ў лазню і былі ў парламенце. Красоўскага ён не ведаў. Выказаўся Аляксандр Лукашэнка пра Юрыя Захаранку: "Захаранка звязаўся ў бізнесе з Украінай. Пра гэта вы не пішаце. Грошы ўзяў вялізныя... не вярнуў...".

Кіраўнік Беларусі заявіў, што ў Германіі нібыта кагосьці з дваіх зніклых бачылі "гадоў 8 таму", "зрабілі фота на вуліцы" і яно з'явілася ў нейкім нямецкім выданні. З Беларусі зрабілі запыт у Германію, але адказу не атрымалі. Нешта падобнае ён ужо заяўляў раней.

Пасля з'яўлення фільма DW Лукашэнка загадаў Следчаму камітэту неадкладна заняцца справай. "Хай прыедзе, дасць паказанні: хто яго заб'е?!", — кажа кіраўнік дзяржавы пра Юрыя Гараўскага. Ён згодны нават, каб былы спецназавец прыехаў пад аховай прадстаўнікоў замежных спецслужбаў. Але Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што ён пакуль не едзе: "Цішыня!". Калі з Германіі не будзе адказу ў яго справе, Гараўскага аб'явяць у вышук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі