Лукашэнка ўхваліў смяротную кару за "замах на ўчыненне акту тэрарызму"

18/05/2022 - 06:44

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў смяротную кару за "замах на ўчыненне акту тэрарызму". Раней гэта зрабілі Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. У сераду дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Ім уносяцца змены ў Крымінальны кодэкс. Новаўвядзенне пачне дзейнічаць праз дзесяць дзён.

Мяркуецца, што згаданыя змены ўводзяцца ў тым ліку дзеля больш жорсткага пакарання "рэйкавых партызан", якія актывізаваліся ў Беларусі пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны. Падчас затрыманняў сілавікі паранілі некалькі чалавек.

18 траўня пачнецца гучны судовы працэс над Мікалаем Аўтуховічам і групай з 11 чалавек. Некаторыя з іх абвінавачваюцца па артыкуле "акт тэрарызму".

У Еўрасаюзе устрывожаны магчымымі зменамі ў Крымінальны кодэкс РБ, згодна з якімі можа стаць магчымым пашырэнне выкарыстання смяротнага пакарання. Рэспубліка Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой яно па-ранейшаму існуе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі