Лукашэнка: у некаторых прэтэндэнтаў б'юць непрыстойна, цаляючы ў прэзідэнта

12/09/2019 - 12:21

Цяперашнюю перадвыбарчую барацьбу Аляксандр Лукашэнка лічыць вакханаліяй. Такая характарыстыка прагучала ад яго падчас вырашэння кадравых пытанняў 12 верасня. 

"Сённяшняя перадвыбарная вакханалія, інакш яе не назавеш, перад парламенцкімі выбарамі кажа пра тое, што гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў. Нам паспрабуюць не дазволіць спакойна прайсці гэтыя перыяды. А мы павінны правесці так, як мае быць. У краіне кіраванай, у нашай краіне, для сябе мы павінны правесці гэтыя выбары", — прыводзіць словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. 

Ён заявіў, што ўвага да некаторых прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла — гэта ўдары па ім, па Лукашэнку. 

"Часам б'юць незаслужана, непрыстойна, несумленна, цаляючы ў прэзідэнта. Я да гэтага гатовы. Хачу, каб вы былі напагатове і ведалі, што мы не можам дазволіць расхістаць краіну. Каму гэта хочацца зрабіць, вы ведаеце", — абурыўся беларускі кіраўнік.

Можна меркаваць, што гэтая рэпліка была выкліканая ўвагай да кандыдатуры Марыі Васілевіч — "Міс Беларусь 2018", якую неаднаразова бачылі ў кампаніі Лукашэнкі. Яна хоча балатавацца ў Палату прадстаўнікоў па мінскай Кальварыйскай выбарчай акрузе №104. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі