Лукашэнка: у нас няма верталётных грошай

28/07/2020 - 09:51

28 ліпеня падчас наведвання ва Уруччы ў Мінску брыгады спецназу ўнутраных войск Аляксандр Лукашэнка паабяцаў вайскоўцам далейшую падтрымку з боку дзяржавы. Праўда, ён нічога канкрэтнага не стаў казаць.

"Калі эканоміка будзе працаваць не горш, значыць жыць таксама будзем не горш, цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Абяцаць вам нейкія верталётныя грошы я не буду".

Лукашэнка і раней неаднаразова згадваў "раскідванне грошай з верталётаў", якое нібыта абяцаюць людзям апаненты ўлады. Цяпер жа ён заявіў, што ў дзяржавы "няма верталётных грошай". Таму ён і не абяцае іх, "таму што трэба ж будзе пасля з верталёта іх раскідваць".

Такія вобразныя расказы Аляксандра Лукашэнкі пра грошы і верталёты, відаць, крыху збянтэжылі спецназаўцаў. Аднак беларускі кіраўнік іх супакоіў: "па максімуме будзем старацца вас падтрымаць для таго, каб у вас было нармальнае грашовае ўтрыманне".

Лукашэнка паабяцаў, што ў новай пяцігодцы найперш жыллё атрымаюць шматдзетныя сем'і і вайскоўцы, а ўжо пасля — дзяржаўныя службоўцы ("што застанецца").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі