Ды што такое гэтае ваша "БТГ"?! / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Вучэнні "Абаронца Еўропы", якія краіны НАТА праводзяць з 1 да 27 траўня, відавочна не даспадобы беларускаму Генштабу. Найвышэйшае вайсковае кіраўніцтва Беларусі заяўляе аб "пагрозе, якая нарастае". Пасля гэтага на ўзмацненне беларускай мяжы рушаць батальённыя тактычныя групы (БТГ).
Каб наблізіцца да паняцця БТГ, трэба мець уяўленне пра такую адзінку, як батальён.
— Гэта асноўнае падраздзяленне тактычнага ўзроўню ў сухапутных войскаў. У радыёэлектронных, артылерыйскіх, зенітных, ракетных падраздзяленняў аналагам з'яўляецца дывізіён, — піша ваенны аглядальнік мілітары-канала "Информация".
Колькасць батальёна залежыць ад роду войскаў. Напрыклад, мотастралковы батальён на бронетранспарцёрах будзе складацца прыкладна з 500 чалавек. Менш за палову з іх актыўна ваююць, астатнія адносяцца да кіравання і забеспячэння. Камандуе батальёнам маёр ці падпалкоўнік.
— Як бачым, у батальёна ёсць артылерыйскае і зенітнае ўзбраенне, але яно лёгкае і не дазваляе паўнавартасна весці агульнавайсковы бой, — звяртае ўвагу ваенны аглядальнік "Информации". — Самымі малымі фармаваннямі, здольнымі весці паўнавартасны агульнавайсковы бой, з'яўляюцца полк і брыгада.
Праблема ў тым, што ўтрымліваць у пастаяннай гатоўнасці такую махіну, як брыгада, вельмі дорага. Адным з варыянтаў вырашэння гэтай праблемы з'яўляецца стварэнне больш кампактных камбінаваных фармаванняў.
Батальённая тактычная група будуецца на аснове батальёна, з'яўляецца часовым фармаваннем і ствараецца пад канкрэтную баявую задачу. Да мотастралковага або танкавага батальёна дадаецца ўзмацненне з зенітна-ракетных, інжынерных, артылерыйскіх і любых іншых спецыялізаваных падраздзяленняў, неабходных для выканання задачы. У выніку набіраецца ўжо каля 800 чалавек і магчымасці батальёна ўзрастаюць у разы.
Мяркуючы па ўсім, цяпер у так званай праверцы сіл неадкладнага рэагавання задзейнічаны асобныя механізаваныя брыгады, такія як 120-я (Мінск), 19-я (Заслонава), 6-я (Гродна), 11-я (Слонім). Да іх таксама далучыліся 38-я, 103-я і, магчыма, 5-я брыгада сіл спецыяльных аперацый.
Гэтыя баявыя злучэнні могуць дадаваць асабовы склад і ўзбраенне для стварэння БТГ. Пра патэнцыял пералічаных падраздзяленняў расказвае партал "Оборонно-промисловий кур'єр", спасылаючыся на звесткі за 2017 год.
Такім чынам, у шостай, адзінаццатай і дзевятнаццатай брыгадах па штаце могуць знаходзіцца:
— ад 62 да 72 танкаў Т-72Б;
— ад 130 да 160 баявых машын пяхоты БМП-2;
— 20 баявых разведвальных машын БРМ-1К;
— ад 5 да 10 лёгкіх браняваных цягачоў МТ-ЛБ;
— 72 артсістэмы: 18 мінамётаў "Сані" або 82-міліметровых мінамётаў БМ-37, 18 самаходных гаўбіц "Гваздзік" і 18 САУ "Акацыя", 18 рэактыўных сістэм залпавага агню "Град";
— 6 гармат "Рапіра";
— самаходныя супрацьтанкавыя комплексы: 18 адзінак СПТРК "Конкурс" і 12 СПТРК "Штурм-С";
— 6 зенітна-ракетных комплексаў "Страла-10";
— 6 зенітных гарматна-ракетных комплексаў "Тунгуска" або зенітных самаходных установак "Шылка";— 54 пераносныя зенітна-ракетныя комплексы "Ігла".
У 120-й асобнай механізаванай брыгадзе па штаце могуць знаходзіцца:
— 94 танкі Т-72Б;
— 90 баявых машын пяхоты БМП-2;
— 20 баявых разведвальных машын БРМ-1К;
— 5 лёгкіх браняваных цягачоў МТ-ЛБ;
— артсістэмы: 18 самаходных гаўбіц "Гваздзік", 18 САУ "Акацыя", 12 самаходных гаўбіц "Мста-С" і 18 РСЗА "Град";
— 6 гармат "Рапіра";
— супрацьтанкавыя самаходныя комплексы: 18 "Конкурсаў" і 12 "Штурм-С";
— 6 зенітна-ракетных комплексаў "Страла-10";
— 6 зенітных гарматна-ракетных комплексаў "Тунгуска";
— 54 пераносныя зенітна-ракетныя комплексы "Ігла".
Узмацніць БТГ у віцебскай (103-й) і брэсцкай (38-й) брыгадах ССА могуць з дапамогай бронетранспарцёраў БТР-70/-80/-82А. Артылерыя падраздзяленняў складаецца з 82-міліметровых мінамётаў БМ-37 і 122-міліметровых гаўбіц Д-30. Акрамя таго, там ёсць супрацьтанкавыя ракетныя комплексы "Метыс" і "Фагот". З зенітных сродкаў — спараная ўстаноўка ЗУ-23 і ПЗРК "Ігла".
У 5-й асобнай брыгадзе спецназа (Мар'іна Горка) ёсць спецыяльныя аўтамабілі "Кайман" на шасі БРДМ-2 і лёгкія аўто "Ліс-ПМ". Для перамяшчэння мабільных груп таксама выкарыстоўваюць кітайскія пазадарожнікі "Богатырь", "Дракон", Volat V1. Згадваюць украінскія аналітыкі і самаходную ўстаноўку "Маскіт" з супрацьтанкавым ракетным комплексам "Шэршань-Д".
Працуе беларускі армейскі спецназ з аўтаматамі АК-74 і падводнымі АПС, з пісталетамі-кулямётамі 9A-91 і ПП-93, з бясшумнымі пісталетамі ПСС і ПБ. З кулямётаў — РПКС-74 і ПКМ. Снайперы-спецназаўцы выкарыстоўваюць вінтоўкі СВД і МЦ-116М, бясшумныя ВСК-94 і 12,7-міліметровыя ОСВ-96. Гранатамёты прадстаўлены падствольнымі ГП-25, супрацьтанкавымі — РПГ-7Д і трыццаціміліметровымі гранатамётамі АГС-17.
— Для УС РФ батальённыя тактычныя групы сталіся выдатным рашэннем у канфліктах накшталт Грузіі, Сірыі і Данбаса, — прыводзіць прыклад ваенны аглядальнік "Информации". — Але для больш шырокамаштабных баявых дзеянняў — як у выпадку з уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе ці гіпатэтычнымі сутыкненнямі з сіламі НАТА — яны зусім не падыходзяць і не здольныя замяніць брыгадную або дывізіённую арганізацыю. Асабліва ўлічваючы лагістычныя магчымасці УС РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут