Лукашэнка распавёў, як ЕС можа пасадзейнічаць эканамічнай незалежнасці Беларусі

21/11/2016 - 08:20

Аляксандр Лукашэнка распавёў, як ЕС можа пасадзейнічаць эканамічнай незалежнасці Беларусі. 21 лістапада кіраўнік дзяржавы сустрэўся ў Мінску з дэлегацыяй Еўрасаюза.

"Адчувальным укладам ЕС ва ўмацаванне эканамічнай незалежнасці Беларусі могуць стаць ліквідацыя абмежаванняў у гандлі, забеспячэнне рэальнага доступу беларускіх тавараў на рынак Еўрасаюза", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. Таксама ён спадзяецца, што Брусель можа пасадзейнічаць у выбудоўванні адносін з Міжнародным валютным фондам, у павышэнні пазіцыі Беларусі ў крэдытным рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, у актывізацыі перамоваў аб уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Беларускі лідар нагадаў, што нават калі ЕС увёў эканамічныя і іншыя санкцыі ў дачыненні нашай краіны, Мінск прапарцыйна на іх не адказваў. "Мы заўсёды падтрымлівалі вас, што датычыла вашых інтарэсаў у Беларусі і ва ўсходнім накірунку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён спадзяецца, што цяперашні візіт дэлегацыі Еўрасаюза паспрыяе заўважнаму паляпшэнню дыялогу паміж Беларуссю і ЕС.

Кіраўнік еўрапейскай дэлегацыі, старшыня Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС Уолтэр Сцівенс падчас сустрэчы прывітаў пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці адносін Еўрасаюза і Беларусі. "Мы сапраўды суседзі, — сказаў Сцівенс. — Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЕС, вы з'яўляецеся важным чальцом "Усходняга партнёрства". Мы хацелі б далей развіваць адносіны з Беларуссю".

Паводле слоў Сцівенса, краіны ЕС хочуць адкрыць новую главу ў адносінах з Беларуссю.

Фота: president.gov.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі