Лукашэнка распавёў, чаму трымае на кантролі справу бізнесмена Чыжа

11/09/2016 - 11:46

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, чаму трымае на кантролі справу бізнесмена Юрыя Чыжа (ён быў затрыманы ў сакавіку КДБ, падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры). 11 верасня кіраўнік дзяржавы пасля таго, як прагаласаваў на выбарчым участку, адказаў на пытанні журналістаў. Па словах Лукашэнкі, справе Чыжа ён надае асаблівую ўвагу не толькі з-за таго, што ён — буйны бізнесмен, але і таму, што "ён усё-ткі недалёка быў часам ад прэзідэнта, і многія асацыявалі яго паводзіны з самім прэзідэнтам".

Таксама Аляксандр Лукашэнка агучыў суму шкоды па справе Юрыя Чыжа, яна складае 11-12 млн долараў. Кіраўнік дзяржавы гатовы разгледзець яго просьбу аб памілаванні. "Я не хаваю сваю пазіцыю, хай плаціць як трэба, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Калі ён мяне пра нешта папросіць, я разгледжу яго просьбу і адрэагую дакладна так, як у адносінах іншых".

У чарговы раз кіраўнік Беларусі адзначыў, што да людзей, якія з'яўляюцца побач з ім, попыт будзе значна вышэйшы. "Калі ты побач з прэзідэнтам, цябе ніхто ніколі незаконна не зачэпіць, але калі трапішся, будзеш адказваць у сто разоў больш і на парадак больш, чым іншыя", — сказаў Лукашэнка.

Юрый Чыж. Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі