У 1990-я гады ў Беларусі перакульвалі машыны і кідалі кактэйлі Молатава ў вокны кватэраў на першых паверхах. Такімі ўспамінамі падзяліўся Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці 16 верасня.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 300 чалавек. Як паведамляе БЕЛТА, гэта вышэйшыя службовыя асобы, члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі і спецыялісты дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовай улады з кожнай з абласцей, работнікі Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Нагодай для сустрэчы стала сітуацыя ў краіне. Лукашэнка параўнаў яе з 90-мі гадамі мінулага стагоддзя.
"Тое, што адбываецца сёння, не з'яўляецца чым-то нечаканым ці новым для нас. Людзі старэйшыя памятаюць і не такое ў Беларусі, калі тысячы і тысячы людзей выходзілі ў 90-х на вуліцы, пераварочвалі машыны, палілі іх, кідалі кактэйлі Молатава на першыя паверхі тады яшчэ не цяперашніх буцікоў і крамаў, а ў вокны да звычайных людзей", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Перавернутыя аўтамабілі — вядомы факт з вулічных шэсцяў вясны 1996 года. А вось заява пра кактэйлі Молатава ляжыць абсалютна на сумленні і памяці Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля мемуарнай часткі кіраўнік дзяржавы стаў крытыкаваць сваіх сённяшніх праціўнікаў. "Нібыта спантанная самаарганізацыя грамадства, выспяванне так званай рэвалюцыйнай сітуацыі, "нелегітымнасць выбараў" і да таго падобнае — усё гэта міфы", — паведаміў ён. І спаслаўся на "глыбінны аналіз падзей, якія адбыліся задоўга да электаральнай кампаніі бягучага года".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.