Лукашэнка прызначыў у беларускім войску новага ідэолага

31/05/2018 - 13:25

31 траўня Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг кадравых прызначэнняў у кіраўніцтве Узброеных Сілаў Беларусі. Гэтыя ўказы кіраўнік дзяржавы падпісаў па завяршэнні нарады, на якой разглядаліся вынікі праверкі ў беларускім войску, перадае БЕЛТА.

Першым намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл прызначаны Аляксандр Вальфовіч. Раней ён займаў пасаду камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.

Камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання стаў Андрэй Жук. Папярэдне ён быў намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.

На яго месца (намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл) прызначаны Ігар Дземідзенка. Дагэтуль ён узначальваў інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне Генштаба.

Памочнікам міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны стаў Леанід Касінскі. Раней ён займаў пасаду першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны — начальніка ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны.

У каментары БЕЛТА дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась патлумачыў, што самі гэтыя кадравыя перастаноўкі непасрэдна не звязаныя з комплекснай праверкай, якая адбылася ва Узброеных Сілах. Але пры прызначэнні ўлічвалася, як афіцэры сябе паказалі падчас гэтай праверкі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі