Сцягі Еўрасаюза і Беларусі / LookByMedia
— Прапанову перагарнуць старонку Лукашэнка звязвае з 2020 годам, а еўрапейцы — з 2022-м, — звяртае ўвагу Роза Турарбекава падчас эфіру на Еўрарадыё.
Экспертка ў міжнароднай палітыцы распавяла пра розныя міры, у якіх жыве Аляксандр Лукашэнка і палітыкі Еўропы, а таксама дае парады беларускаму палітыку з чаго трэба пачаць, каб аднаўляць адносіны з Еўропай.
— Лукашэнка гаворыць толькі пра 2020 год, а пра 2022-і не згадвае. Але менавіта 2022 год стаў апошнім цвіком, які забіў вечка труны даверу.
Гэта не азначае, што нельга абмяркоўваць, напрыклад, пытанні, блізкія па сваёй тэматыцы да халоднай вайны. Я маю на ўвазе меры даверу, узаемны маніторынг.
Лукашэнка спрабуе і праз гэта знайсці падыход да Еўропы. Але тут трэба шукаць падыход не да Еўропы, а да NATO. Ён жа прапаноўваў: прыязджайце, паглядзіце на нашы вучэнні і гэтак далей. Гэта і ёсць меры даверу.
Я лічу, што з гэтага трэба старацца выціснуць максімум: прапаноўваць прыязджаць і назіраць, — упэўнена Турарбекава.
Але ж яна звяртае ўвагу на тое, што гэта ўсё старыя схемы і інструменты. На яе думку, яны патрабуюць абнаўлення.
— Еўрапейцаў больш будзе цікавіць маніторынг, звязаны з наяўнасцю рэтранслятараў, размяшчэннем тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама маніторынг на мяжы і ў паветранай прасторы.
Гэтыя тры-чатыры элементы ніяк не ўпісваюцца ў старыя меры, якія існавалі раней, бо падчас халоднай вайны такіх пагроз не было. А цяпер Еўропу цікавяць канкрэтна менавіта гэтыя пагрозы, — кажа экспертка.
І прапануе Лукашэнку зрабіць вось што, каб пачаць выбудоўваць адносіны з Еўропай.
— Калі Лукашэнка хоча прадэманстраваць сваю добрую волю на пачатку дыялогу з Еўропай, няхай спачатку адкрые трэк пад назвай "Меры даверу ў паветранай прасторы".
Я маю на ўвазе ўсё, што звязана з рэтранслятарамі, РЭБ і сістэмамі СПА. Вось з гэтага трэба пачынаць.
Украінцы ж з гэтага пачыналі. Яны казалі: "Выключыце, калі ласка, свае рэтранслятары ў такі дзень".
Думаю, еўрапейцы таксама павінны выстаўляць такія патрабаванні: "Выключыце, калі ласка, свае рэтранслятары і зрабіце так, каб ваша неба было чыстым ад беспілотнікаў, каб яны не ляцелі ў наш бок". Па-першае.
Па-другое, зачыніце, калі ласка, мяжу для мігрантаў.
Датычна тактычнай ядзернай зброі, трэба рыхтаваць новы дакумент аб кантролі і паставіць пытанне: што гэта за зброя і ці можаце вы весці перамовы на гэтую тэму? Ці з'яўляецеся вы суб'ектам у гэтым пытанні?
Гэта якраз тыя тры-чатыры моманты, якія насамрэч вельмі моцна хвалююць еўрапейскіх вайскоўцаў, — упэўнена Турарбекава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут