Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае смяротнае пакаранне, але не гатовая мяняць сваё заканадаўства. Аргументуючы гэта ўдзельнікам сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Аляксандр Лукашэнка спасылаецца на вынікі рэферэндума 20-гадовай даўніны. "Нас заклікаюць да адмены смяротнага пакарання. Мы гэтыя прапановы чуем, і не толькі чуем. Але супраць волі народа, пераважная частка якога на рэферэндуме выказалася за яго захаванне, ні адна дзяржава пайсці не можа. Ні адна цывілізаванае еўрапейская дзяржава", — сказаў кіраўнік Беларусі.
Лукашэнка нагадаў, што напачатку 1990-х ад Беларусі патрабавалі правесці рэферэндум па пытанні смяротнага пакарання. "Мы, як маладая суверэнная дзяржава, прыслухаліся да вашых парадаў — вынеслі гэтае пытанне на рэферэндум і атрымалі вынік. Зараз, каб ад гэтага адмовіцца, трэба час. Таму вы, калі ласка, нас не прыспешвайце. Мы ведаем, што гэта такое і якія вашыя патрабаванні. Упэўнены, што мы паступова прыйдзем да вырашэння гэтай праблемы", — сказаў беларускі лідар.
Напярэдадні сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску прайшоў Паралельны форум грамадзянскай супольнасці, на якім праваабаронцы з тузіна арганізацыяў заклікалі беларускія ўлады "ўвесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання, як першы крок да яго поўнай адмены".