Лукашэнка павіншаваў Навумаву: Уся краіна ганарыцца тваім спартовым дасягненнем

13/08/2016 - 12:42

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў цяжкаатлетку Дар’ю Навумаву з атрыманнем сярэбранага медаля на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра.

“Ад імя ўсіх беларускіх заўзятараў віншую цябе з заваяваннем сярэбранага медаля на ХХХІ Алімпійскіх гульнях у г.Рыа-дэ-Жанейра, — прыводзіць тэкст віншавання прэс-служба кіраўніка краіны. — Ты з гонарам вытрымала самы адказны спартовы экзамен, праявіла найвышэйшае майстэрства, сілу духа і мэтанакіраванасць. Уся краіна ганарыцца тваім спартовым дасягненнем”.

Лукашэнка мяркуе, што гэтая ўзнагарода асабліва дарагая, бо яна першая ў скарбонцы беларускай каманды на Гульнях у Бразіліі. “Веру, што мы яшчэ шмат разоў разам парадуемся сваім поспехам”, — адзначаецца ў віншаванні.

Нагадаем, што 12 жніўня цяжкаатлетка Дар’я Навумава заняла другое месца ў вагавай катэгорыі да 75 кг і паказала вынік 258 кг (116+142). Яна саступіла толькі прадстаўніцы Паўночнай Карэі Лім Джон Сім, у якой было 274 кг (121+153). На трэцім месцы іспанка Лідзія Валенцін Перэс — 257 кг (116+141).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі