На ўсіх прыватных прадпрыемствах да канца года трэба стварыць афіцыйныя прафсаюзы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам.
"Мы з вамі дамаўляліся, што да канца гэтага года прафсаюзныя арганізацыі будуць створаныя на ўсіх прыватных прадпрыемствах. Гэтае пытанне да канца года павінна быць вырашанае", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.
ТГ-канал "Пул Першага" прыводзіць іншую цытату Лукашэнкі: "Калі прыватныя прадпрыемствы да канца года не створаць прафсаюзныя арганізацыі, гэтыя прыватныя прадпрыемствы будуць ліквідаваныя".
Пры этым Лукашэнка заявіў, быццам у афіцыйныя прафсаюзы нікога заганяць не будуць: "Хочаш быць членам прафсаюза — будзь, не хочаш — на здароўе".
Гэтая размова адбываецца ў час, калі на прадпрыемствах работнікі сталі пераходзіць з афіцыйных прафсаюзаў у незалежныя. Прычынай сталі падзеі ў краіне і тое, што кіраўніцтва афіцыйных прафсаюзаў цалкам падтрымала дзейную ўладу.
Таксама Лукашэнка заявіў, што галоўная задача прафсаюзаў — гэта маніторынг цэн на спажывецкім рынку і ў сферы жыллёва-камунальных паслуг.
"Нічога страшнага. Не трэба адразу заяўляць пра тое, што гэта рынак, яшчэ штосьці, дэмакратыя... Убачылі і рынак, і дэмакратыю. Ва ўсіх краінах, не толькі ў Еўропе, але і Амерыка прадэманстравала сваю дэмакратыю. Таму інтарэсы народа, інтарэсы нашых працаўнікоў павінны ляжаць у аснове нашай палітыкі", — заявіў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.
To see this content visit the full version of this page.