Лукашэнка назваў фальсіфікацыяй звесткі пра атручэнне Навальнага

03/09/2020 - 12:10

Аляксандр Лукашэнка назваў фальсіфікацыяй інфармацыю пра атручэнне расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы ў Мінску з расійскім прэм'ерам Міхаілам Мішусціным

Па словах Лукашэнкі, некалькі дзён таму беларуская радыёэлектронная разведка перахапіла размову паміж Варшавай і Берлінам. "Мы перахапілі цікавую размову, якая (я вам дам пачытаць яе, мы падрыхтуем і накіруем у ФСБ) выразна кажа пра тое, што гэта фальсіфікацыя. Ніякага атручвання Навальнага не было", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Ён заявіў, што група спецыялістаў падрыхтавала  адпаведную заяву Ангелы Меркель, каб адхіліць увагу Пуціна ад Беларусі. "Яны зрабілі гэта — цытата: "каб адбіць ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі". Я працытаваў гэтую размову. Разумееце, наколькі па-езуіцкі робяць гэтыя людзі", — сказаў беларускі кіраўнік.

Аляксея Навальнага шпіталізавалі ў Омску 20 жніўня, калі яму стала кепска на борце самалёта. З Омска яго даставілі ў Берлін і змясцілі ў клініку Charite. Там Навальны застаецца ў стане штучнай комы. У яго крыві знайшлі сляды інтаксікацыі. 

Нямецкія спецыялісты заявілі, што расійскага апазіцыянера атруцілі нервова-паралітычным атрутным рэчывам з групы "Навічок". У 2018 годзе гэтым жа рэчывам у Брытаніі былі атручаныя экс-супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія. У злачынстве падазраюць афіцэраў расійскай ваеннай разведкі Анатоля Чапігу і Аляксандра Мішкіна

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі