Лукашэнка — міліцыі: мы не супраць сцягоў ваюем, а супраць чужых ідэй

30/10/2020 - 11:39

30 кастрычніка падчас прадстаўлення калектыву МУС новага міністра і ўручэння генеральскіх пагонаў Аляксандр Лукашэнка не толькі пагражаў пратэстоўцам, але і спрабаваў патлумачыць сілавікам, супраць каго яны змагаюцца. Найперш ён казаў, што "нікога не прымушае" і не "цягне" на свой бок. "Хочаце — станавіцеся побач, цытуе яго словы БЕЛТА. — Я нават за спіны вам хавацца не буду. Пайду туды, куды... скажаце, для таго, каб вы не баяліся нікога і адстаялі гэтую краіну".

У чарговы раз Лукашэнка папрасіў сілавікоў: "толькі ніколі не здраджвайце!". Ён згадаў, што міліцыі прапануюць пераходзіць "на бок народу". Але тыя, хто кажа "Кідайце, прыходзьце!", па словах Аляксандра Лукашэнкі, сілавікоў не любяць. Ды і "невядома, куды ісці", адзначыў ён. "Таму глядзіце самі, — працягваў ён. — ...Галоўнае — суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны".

Пасля была хвіліна прапаганды. Лукашэнка расказваў міліцыянерам пра "фашысцкі" сцяг, пад якім калісьці даваў прысягу першага прэзідэнта РБ. І пры гэтым зазначыў, што "сцяг ні ў чым не вінаваты".

"Мы з вамі не супраць сцягоў ваюем, — заявіў прысутным Аляксандр Лукашэнка. — Мы ваюем супраць тых чужых ідэй і тых людзей, у галовах якіх гэтыя ідэі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі