Лукашэнка: Калі мы гэтымі допінгамі балаваліся, то мала не падасца

27/06/2016 - 11:51

Беларускі спорт мае найбольшыя шанцы на выйгрыш, калі ён будзе чыстым. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 чэрвеня на нарадзе па падрыхтоўцы беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

"Спорт — гэта вялікая палітыка. Вы бачыце, што адбываецца цяпер, якая ідзе барацьба. Напэўна, усё ж такі нейкі палітычны падтэкст у гэтым ёсць. Калі мы гэтымі допінгамі балаваліся, то мала не падасца. Я абсалютна за чысціню спорту. Калі хтосьці прымае забароненыя прэпараты, то з гэтым трэба змагацца. І нам гэта выгадна. Калі мы не будзем прыхільнікамі чыстага спорту, мы прайграем. Таму што буйныя дзяржавы заўсёды знойдуць магчымасць нас у гэтым перайграць. Калі чысты спорт, у нас больш магчымасцяў заваяваць медалі", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі робіцца ўсё неабходнае для спорту высокіх дасягненняў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра "турыстаў" у беларускай зборнай не будзе. Ён пацікавіўся, у якіх відах спорту ў нацыянальнай каманды ёсць рэальныя шанцы на годнае выступленне, якая колькасць і якасць ліцэнзій.

Разам з тым, ён адзначыў, што Беларусь цяпер не ставіць канкрэтныя планы на медалі, каб празмерна не ціснуць на спартоўцаў. "Аднак калі мы бачым, што шанцаў няма, ганьбіць краіну і марнаваць народныя грошы не трэба", — канстатаваў Лукашэнка.

Асобную ўвагу беларускі кіраўнік звярнуў на праблему допінгу — па яго словах, гэта палітычная праблема: "Усе мы сочым праз СМІ за тым, што спорт пераходзіць у вялікую палітычную плоскасць. Гэта датычыцца і допінгавых пытанняў, асабліва мельдонію, які стаў раптам сусветна вядомым. У сувязі з гэтым важна ведаць, ці закранула гэтая праблема нашых спартсменаў і наколькі. Хаваць нічога не трэба. Вы бачыце, пачалі калупацца ўжо ў прабірках васьмігадовай даўнасці".

Лукашэнка заявіў, што не павінна скласціся такая сітуацыя, калі ў Беларусі падчас Алімпіяды або праз некалькі гадоў пасля яе пачнуць забіраць медалі за допінг-скандалы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі