Лукашэнка і Пуцін наведаюць сумесныя вучэнні "Захад-2017"

01/09/2017 - 06:57

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плануюць разам наведаць стратэгічныя беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017", піша расійская газета "Известия". Па словах Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара Пуціна, кіраўнікі дзвюх дзяржаў плануюць наведаць адзін з палігонаў на тэрыторыі Расіі.

Як паведамлялася раней, сумесныя вайсковыя вучэнні "Захад-2017" пройдуць з 14 па 20 верасня 2017 года. У іх рамках на тэрыторыю Беларусі, паводле афіцыйных звестак, перадыслакуюцца да трох тысяч расійскіх вайскоўцаў. Манеўры пройдуць на беларускіх палігонах, а таксама ў Расіі — у Пскоўскай, Калінінградскай і Ленінградскай абласцях.

Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Расіі назіралі разам за сумеснымі вучэннямі чатыры гады таму: тады вучэнні "Захад-2013" ладзіліся спярша ў Гродзенскай вобласці Беларусі, а потым у Калінінградскай вобласці Расіі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі