Лукашэнка хоча, каб Еўрасаюз больш удзельнічаў у мытных справах Беларусі

15/09/2016 - 10:38

Аляксандр Лукашэнка хоча, каб Еўрасаюз больш удзельнічаў у праектах з Беларуссю па развіцці інфраструктуры на мяжы. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з удзельнікамі 64-га пасяджэння Савета кіраўнікоў мытных службаў дзяржаў — удзельніц СНД. Пасяджэнне праходзіць 15 верасня ў Мінску.

"Тэрытарыяльнае становішча Беларусі такое, што ў рамках Садружнасці значная частка нашай мяжы праходзіць з краінамі Еўрапейскага саюза. Сумесна з імі мы рэалізуем шэраг праграм па развіцці інфраструктуры на мяжы, забеспячэнню бяспекі, бесперашкодным перамяшчэнні тавараў. Скажу шчыра: хацелася б большага ўдзелу ЕС у мытных справах. Таму што як Расіі, так і Еўрасаюзу вельмі важная Беларусь, дзе тавары праходзілі б, перш за ўсё, транзітам, і па часе гэта было б мінімальна", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь стаяла ля вытокаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У ліку важных задач гэтага аб'яднання было і стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў і перамяшчэння грамадзян паміж краінамі СНД.

На думку Лукашэнкі, асноўнымі набыткамі гэтага перыяду былі пагадненні аб стварэнні зоны свабоднага гандлю, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе ў мытных справах, мадэльны мытны кодэкс і шэраг іншых дакументаў. Гэтыя дакументы грунтуюцца на базавых прынцыпах Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Лукашэнка запэўніў кіраўнікоў мытных службаў СНД, што яны могуць разлічваць на Беларусь: "Мы гатовыя дапамагчы ў любой справе любой дзяржаве, любому народу, але калі гэта не супярэчыць нашым уласным інтарэсам".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі