Лукашэнка даручыў стварыць орган па кантролі за развіццём IT-сферы

16/03/2021 - 09:07

У Беларусі плануецца стварыць орган па рэгуляванні развіцця IT-сферы. Гаворка пра гэта ішла на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 16 сакавіка.

Лукашэнка заявіў, што па гэтай тэме рыхтуецца комплексны ўказ, які дазволіць засяродзіць наяўныя рэсурсы на некалькіх ключавых кірунках і стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгулявання. Акрамя таго, плануецца максімальна выкарыстоўваць досвед Кітая ў пабудове лічбавага грамадства, перадае БЕЛТА. Кітай вядомы жорсткім кантродем за інтэрнэтам.

Лукашэнка падкрэсліў, што гаворка ідзе пра кантроль за IT-сферай, а не ўшчамленне яе. "Хачу сказаць, што гаворка ідзе пра кантроль, з аднаго боку, цывілізаваны кантроль. А з другога боку, мы хочам скарыстацца момантам і для нашага развіцця выкарыстоўваць гэты сегмент", — заявіў ён.

Для развіцця IT-сферы ён прапанаваў прыцягваць замежныя інвестыцыі. Па словах Лукашэнкі, за час пандэміі "краіны — сусветныя лідэры надрукавалі трыльёны долараў /.../, каб абараніць, выратаваць людзей. Хтосьці на гэтым спрабаваў нажыцца, хтосьці гэтую сітуацыю выкарыстаў".

Гэтыя грошы сталі ўкладаць у IT-індустрыю, і кошт высокатэхналагічных кампаній вырас ад 200% да 800%. "Большая частка надрукаваных грошай да гэтага часу не звязаная, і гэта кажа пра тое, што ў нас ёсць велізарны патэнцыял росту, калі мы зможам прыцягнуць іх у нашу краіну", — акрэсліў задачу Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі