Лінкявічус: важны не дзень выбараў у Беларусі, а першы дзень пасля выбараў

06/08/2020 - 14:26

Для беларускага грамадства важны не столькі сам дзень прэзідэнцкіх выбараў, колькі першы дзень пасля іх. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.  

"На сам дзень выбараў я не рабіў бы прагнозаў, што можа здарыцца нешта асаблівае. /.../ Важны першы дзень пасля выбараў, калі будуць абвешчаныя вынікі. Тады вельмі важная рэакцыя ўлады і апазіцыі на гэтыя вынікі. Вось тады і будзе відаць, наколькі грамадства саспела для гэтага павароту, пераменаў, што мацней — страх або немагчымасць далей жыць у тых умовах, якія ёсць цяпер. Гэта ўжо будзе залежаць ад саміх жыхароў Беларусі і сапраўды толькі яны самі могуць вырашаць", — цытуе словы міністра ru.delfi.lt.

Ён падкрэсліў, што выбары ў Беларусі праходзяць непразрыста, на іх не датрымоўваюцца міжнародных прававых нормаў, не дапусцілі міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ і Савета Еўропы.

Літва, па словах Лінкявічуса, чакае ад беларускіх уладаў аднаго: "Адзінае наша чаканне і патрабаванне — каб не выкарыстоўваліся празмерныя сілы, а таксама гвалт супраць дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі, бо, магчыма, гэта будзе адбывацца пад прыкрыццём менавіта абароны ад знешняга ворага або ад нестабільнасці".

Паведамляецца, што такую ж заклапочанасць кіраўнік літоўскай дыпламатыі выказаў некалькі дзён таму ў тэлефоннай размове са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі