Фуры, ілюстрацыйнае фота / t.me/customs_bel
Нацыянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозчыкаў Літвы (LINAVA) накіравала афіцыйны зварот у Еўракамісію з нагоды затрыманых у Беларусі фур літоўскіх ды іншых перавозчыкаў з Еўрасаюза.
У звароце гаворыцца, што ў Беларусі, паводле звестак асацыяцыі, затрымана не менш за 1071 транспартны сродак, які належыць як мінімум 149 літоўскім транспартным кампаніям. У іх ліку 496 грузавых цягачоў і 575 паўпрычэпаў ды іншай транспартнай тэхнікі. Агульны кошт затрыманай маёмасці LINAVA ацаніла на 15 907 020 еўра.
Акрамя таго, шэсць кампаній папярэдне заявілі, быццам у Беларусі можа быць затрымана яшчэ каля 400 аўтамабіляў. Калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, агульная колькасць затрыманых аўтамабіляў вырасце да 1472, а іх кошт складзе 21 922 020 еўра.
Аўтамабілі былі затрыманыя на тэрыторыі Беларусі з 29 кастрычніка 2025 года, калі афіцыйны Мінск абмежаваў рух літоўскіх грузавікоў і забараніў ім пакідаць тэрыторыю краіны. Частка фур адправілі на спецстаянкі, дзе ім налічваюць па 120 еўра ў дзень за кожны аўтамабіль. Таксама беларускі бок пагражае канфіскаваць транспарт праз чатыры месяцы.
LINAVA заклікае Еўракамісію афіцыйна ацаніць сітуацыю і магчымае парушэнне эканамічных інтарэсаў Еўрасаюза. Асацыяцыя просіць "пачаць скаардынаваныя дыпламатычныя і юрыдычныя дзеянні на ўзроўні ЕС для забеспячэння вяртання незаконна затрыманых транспартных сродкаў, разгледзець магчымыя юрыдычныя і фінансавыя механізмы на ўзроўні ЕС, якія ствараюць падставы для пакрыцця панесенай шкоды, а таксама інфармаваць дзяржавы-чальцы і перавозчыкаў пра павышаныя рызыкі ажыццяўлення аўтамабільных перавозак на тэрыторыі Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут