Лідара Незалежнага прафсаюза "Нафтана" будуць судзіць пяты раз

26/04/2022 - 11:22

Лідара Незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгу Брыцікаву будуць судзіць пяты раз. Суд прызначаны на 27 красавіка, ён пачнецца а 16-й гадзіне ў Наваполацкім гарадскім судзе.

Брыцікава ўжо амаль два месяцы за кратамі. Яе затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасавання падчас рэферэндуму. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Прысуд — 15 сутак арышту. Аднак ужо праз некалькі дзён яе асудзілі паўторна — за надпісы на куртцы "Не вайне". У трэці раз падставай для суда сталі паперкі з надпісамі "Не вайне" на вокнах яе кватэры. Падставай для чацвёртага суда стаў пост "Не вайне" ў Instagram. У чым абвінавацяць Вольгу Брыцікаву на гэты раз, пакуль невядома.

Кожны раз суддзя прызначаў Брыцікавай пакаранне ў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У выніку за кратамі ў часовым ізалятары яна знаходзіцца ўжо амаль два месяцы.

Вольга Брыцікава працавала начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў на "Нафтане". У жніўні 2020 года яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі быў сход працоўных з удзелам тагачаснага кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Церцеля (цяпер ён — старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў (на відэа).

У канцы 2020 года Вольгу Брыцікаву звольнілі з прадпрыемства, у 2021 годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюза на "Нафтане".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі