Леанарда дзі Капрыё атрымаў "Оскар" за галоўную ролю ў фільме "Выжылы"

29/02/2016 - 05:39

Леанарда дзі Капрыё быў названы амерыканскай кінаакадэміяй лепшым акцёрам года за галоўную ролю ў фільме "Выжылы" (упершыню ў кар'еры). Цырымонія ўручэння галоўнай штогадовай нацыянальнай кінапрэміі ЗША традыцыйна прайшла ў Лос-Анджэлесе.

"Оскар" як лепшы рэжысёр атрымаў Алехандра Гансалес Іньярыту, таксама за фільм "Выжылы". Італьянскі кампазітар Эніё Марыконе ўзнагароджаны за музыку да фільма Квенціна Таранціна "Агідная васьмёрка". Спявак Сэм Сміт заваяваў прыз у намінацыі лепшая арыгінальная песня за загалоўную кампазіцыю да фільма "Spectre" пра прыгоды Джэймса Бонда — "Writing's on the Wall". 26-гадовая Бры Ларсан атрымала "Оскар" як лепшая актрыса за галоўную ролю ў фільме "Пакой" (для яе гэта першая намінацыя і першая перамога). Фільм "У цэнтры ўвагі" Тома Макарці быў узнагароджаны ў намінацыі лепшы фільм года.

Шведская актрыса Алісія Вікандэр атрымала "Оскар" за лепшую жаночую ролю другога плана (у фільме "Дзяўчына з Даніі"). Лепшая мужчынская роля другога плана была прызначаная за Маркам Райлэнсам (фільм "Шпіёнскі мост"). Фільм "Вар'яцкі Макс" заваяваў прыз амерыканскай кінаакадэміі за касцюмы, сцэнаграфію і прычоскі. Фантастычны трылер "З машыны" адзначаны за лепшыя візуальныя спецэфекты. Лепшым фільмам на замежнай мове кінаакадэмія прызнала "Сына Саула" венгерскага рэжысёра Ласла Немеша. "Оскар" за лепшую аператарскую работу атрымаў Эмануэль Любецкі — за працу ў фільме "Выжылы". Брытанская стужка "Эмі" пра спявачку Эмі Уайнхаўс атрымала "Оскар" як лепшы дакументальны фільм. Былі ўзнагароджаныя паўнаметражны мультфільм "Галаваломка" студыі Pixar і кароткаметражны мультфільм "Мядзведжая гісторыя" (праца чылійскіх мультыплікатараў).

Галоўная штогадовая нацыянальная кінапрэмія ЗША "Оскар" прысуджаецца Амерыканскай кінаакадэміяй у 24 катэгорыях (сёлета яна 88-я). Цырымонія традыцыйна праходзіць у кінатэатры "Долбі" ў Лос-Анджэлесе.

Фота: АР

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі